Выпускны-2021 у Глыбокім
У Глыбокім прайшло свята “Віват, выпускнікі!”. Сёлета са школай на Глыбоччыне развіталіся 188 выпускнікоў, сярод якіх чатырнаццаць медалістаў. Дванаццаць з іх скончылі школу з залатым медалём, двое – са срэбным. Атэстаты аб базавай адукацыі атрымалі 333 вучні, сярод якіх 18 выдатнікаў.
Святочная імпрэза пачалася з традыцыйнага шэсця. Выпускнікі разам са сваімі настаўнікамі прайшліся ад плошчы 17 Верасня да цэнтральнай плошчы горада, на якой і адбылася асноўная частка свята.
Пасля прадстаўлення выпускнікоў розных школаў раёна і інфармацыі пра іх дасягненні перад прысутнымі выступіў кіраўнік Глыбоцкага раёна Аляксандр Шубскі. Дарэчы, яго выступ разам з іншымі глыбачанамі слухаў, стоячы ўбаку ад сцэны, таксама і былы старшыня райвыканкама Алег Морхат. На свяце ён прысутнічаў у якасці бацькі выпускніка разам з жонкай.
Напрыканцы свята выпускнікі па традыцыі станчылі школьны вальс і запусцілі ў неба паветраныя шары.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя