Выпускныя экзамены ў школах Беларусі пройдуць з 1 па 9 чэрвеня



Выпускныя экзамены ў школах Беларусі пройдуць з 1 па 9 чэрвеня, паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Святлана Уклейка.

„Для навучэнцаў 9-х класаў вызначаны тры даты для здачы выпускных экзаменаў – 2, 4, 9 чэрвеня. У гэтыя дні выпускнікі базавай школы напішуць дыктанты па беларускай і рускай мовах, выканаюць кантрольную работу па матэматыцы. Вучні 11-х класаў будуць пісаць пераказ па беларускай або рускай мове (у залежнасці ад свайго выбару), выканаюць кантрольную работу па матэматыцы, здадуць у вуснай форме выпускныя экзамены па гісторыі Беларусі і замежнай мове. Для вучняў 11-х класаў таксама ўстаноўлены тры даты правядзення пісьмовых выпускных экзаменаў – 1, 3, 5 чэрвеня”, – расказала Святлана Уклейка.

Начальнік галоўнага ўпраўлення звярнула ўвагу, што ведамства ўстанаўлівае адзіныя дні для правядзення пісьмовых выпускных экзаменаў. „А вось канкрэтны расклад з пазначэннем, у які дзень і па якім менавіта вучэбным прадмеце пройдзе экзамен, складаецца непасрэдна ў самой школе, гімназіі або ліцэі”, – дадала Святлана Уклейка.

belta.by