Выпусцілі зняволенага дыпламата Ігара Ляшчэню



Яго прывезлі дадому. Гэтую інфармацыю Радыё Свабода пацвердзіла дачка Ляшчэні Анастасія.

Пазней Анастасія Ляшчэня напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што бацька просіць усіх зразумець і дараваць, бо ў найбліжэйшы час ня будзе выходзіць на сувязь — хочацца адпачыць у спакойнай хатняй абстаноўцы, і перадае наступнае паведамленьне:

«Дарагія сябры! Я вельмі ўдзячны ўсім за падтрымку! Сёння ў пятніцу 20 жніўня я быў адпушчаны дадому. За мной пакуль захоўваецца статус падазраванага. Я даў падпіску пра неразгалошванне хады следства. Напэўна, цяпер я магу называцца і як Пасол у натуры. Ігар Ляшчэня, Пасол Беларусі ў Славаччыне (2016–2020)».

Ляшчэню затрымалі 11 жніўня, і вінавацілі у «дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Пасля недэмакратычных выбараў прэзідэнта ў жніўні 2020 году дыпламат асудзіў гвалт у дачыненні да пратэстоўцаў, а пасля браў удзел у розных грамадскіх палітычных ініцыятывах. Але ў адрозненне ад шэрагу іншых дзяржслужбоўцаў, якія пасля публічнага асуджэння дзеянняў уладаў перайшлі на бок апазіцыі, далучыліся да Латушкі, Ціханоўскай, альбо нейкіх іншых структур, Ігар Ляшчэня ў склад апазіцыі не ўвайшоў.