Вырашэнне 30-гадовай праблемы Пінска



У горадзе над Пінай пасля працяглых прац адкрываецца рух на адной з галоўных вуліц – Першамайскай, па якой, акрамя рэгіянальнага транспарту, у бок Украіны і наадварот рухаецца транзітны. Праблема хаваецца ў тым, што ў момант закрыцця чыгуначнага пераезду ствараецца вялікі корак.

Дарожныя службы пашырылі вуліцу і спадзяюцца, што гэта зменшыць затор. Пінскі блогер Мікалай Клімовіч адзначае, што пакуль зроблена не ўсё па плану:

Навошта такія глабальныя працэсы адбываюцца, калі загадзя можна сказаць, што яны не будуць завершаныя. У нас не скончана рэканструкцыя вуліцы Брэсцкай ад скурзавода да хлебакамбіната. Усё засталося, як было. Таму тут таксама застаецца ўсё пад пытаннем. Зараз зрабілі рэканструкцыю вуліцы Першамайскай. Планавалася зрабіць да кінапракату, але грошай няма. Зрабілі да Гайдаенкі – і ўсё на гэтым. На далейшыя працы грошай няма.

Пінскія ўлады разумеюць, што пашырэнне не вырашыць праблемы з коркамі на чыгуначным пераездзе, хоць і палегчыць рух. Галоўная задача да 2026 года – пабудаваць аб’яздную дарогу вакол Пінска. Праект магістралі быў гатовы яшчэ ў 1980-я гады.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск

Фота varjag.net