Вырасла колькасць дзяцей, пацярпелых ад злачынстваў у інтэрнэце



За апошнія два гады больш чым удвая вырасла колькасць дзяцей, якія пацярпелі ад злачынстваў у інтэрнэце, паведаміў начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генеральнай пракуратуры Беларусі Аляксей Падвойскі на прэс-канферэнцыі ў Менску 12 снежня.

Паводле яго слоў, у 2017 годзе ад злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі пацярпелі 39 дзяцей, у 2018 годзе – 98, за шэсць месяцаў гэтага года – 81 (у тым ліку 12, якім не было 14 гадоў). Акрамя таго, колькасць непаўналетніх, пацярпелых ад крадзяжоў з выкарыстаннем камп’ютарнай тэхнікі, за два апошнія гады павялічылася больш чым у тры разы: у 2017 годзе – 44, 2018-м – 106, за першае паўгоддзе 2019-га – 147.

«Пераважная колькасць нашых дзяцей уцягнутая ў віртуальны свет высокіх тэхналогій, і для сучаснага падлетка гэтая рэальнасць зʼяўляецца неадʼемнай часткай жыцця, – сказаў Падвойскі. – Як паказаў аналіз, у асноўным у інтэрнэце дзеці запампоўваюць музыку, фота, відэа, ажыццяўляюць плацяжы з дапамогай інтэрнэт-банкінгу і электронных аплатных сістэм. Яны шукаюць выгадныя прапановы тавараў, паслуг, актыўна кантактуюць і робяць публікацыі ў сацсетках».

Ён расказаў, што часта дзеці сутыкаюцца ў сетцы з кібербулінгам, інфармацыяй, якая ўтрымлівае гвалт і жорсткасць, прапаганду самагубства, псіхаактыўных рэчываў. Таксама, паведаміў прадстаўнік Генпракуратуру, выяўляюцца факты сексуальных дамаганняў у дачыненні да малалетніх. Узламваюцца профілі сацсетак дзяцей, іх электронная пошта, крадуцца персанальныя дадзеныя.

Пры гэтым Падвойскі падкрэсліў, што рост колькасці пацярпелых падлеткаў не кажа пра тое, што злачынстваў супраць іх сталі здзяйсняць больш. «Гэта сведчыць аб тым, што ў праваахоўнікаў зʼявіліся новыя сродкі выяўлення такіх злачынстваў і істотна павысілася якасць іх працы, – адзначыў ён. – Я думаю, рост выяўлення кіберзлачынстваў працягнецца і ён будзе спалучаны менавіта з актыўнасцю праваахоўных органаў. У далейшым мы будзем назіраць зніжэнне злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій, таму што мабілізаваны прафілактычныя і выхаваўчыя сродкі, што паменшыць рост дынамікі».

Старшы каардынатар па пытаннях дзяцінства Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) Дзмітрый Шылін паведаміў, што глабальнае даследаванне фонду, праведзенае больш чым у 100 краінах, паказвае: каля 70% карыстальнікаў інтэрнэту ад 15 да 24 гадоў могуць зведваць кіберзапужванне, пераслед, грумінг і іншыя небяспекі. «Вынікі нацыянальнага даследавання, праведзенага ў Беларусі ў 2017 годзе, паказалі, што 9% апытаных вучняў 5–7-х класаў і 18% хлопчыкаў і дзяўчынак з 8–11-х класаў падвяргаліся гвалту з боку людзей, з якімі знаёмыя праз інтэрнэт, – расказаў ён. – А праваахоўная статыстыка паведамляе, што з 2013 па 2018 год колькасць злачынстваў, звязаных з абаротам дзіцячай парнаграфіі, павялічылася прыкладна ў 8 разоў, а колькасць пацярпелых ад іх дзяцей вырасла ў 6 разоў».

Шылін нагадаў, што ЮНІСЕФ у супрацоўніцтве з МУС у лістападзе запусціў спецыялізаваны сайт kids.pomogut.by, дзе бацькі, настаўнікі, а таксама дзеці на даступнай для розных узростаў мове могуць знайсці вычарпальную інфармацыю аб бяспецы ў сетцы і супрацьдзеянні пагрозам. «Акрамя таго, на сайце раскажуць, як засцерагчы сябе ад прапаноў працы, па факце звязанай з незаконным абаротам наркотыкаў, кансультатыўна дапамогуць вырашыць пытанні і праблемы ўзаемаадносін у сетцы, – сказаў ён. – Мы ўскладаем на гэты рэсурс вялікія надзеі і вельмі хочам, каб у выніку ён быў інтэграваны ў навучальныя праграмы школ».

Паводле слоў прадстаўніка ЮНІСЕФ, за час, які прайшоў з моманту запуску сайта, анлайн-кансультацыю спецыялістаў ужо атрымалі каля 100 чалавек.

БелаПАН