Выратавальнікі не перастаюць папярэджваць



Нягледзячы на засцярогі выратавальнікаў не выходзіць на тонкі лёд, на Берасцейшчыне за суткі загінулі два чалавекі.

45-гадовы рабочы патануў на Дняпроўска-Бугскім канале ў Драгічынскім раёне, а 14-гадовы падлетак на рацэ Чаква ў Столінскім раёне. Такім чынам, агульная колькасць загінулых за восеньска-зімовы сезон у вобласці складае 10 чалавек.

„Выбрацца з палонкі – не азначае выратаванне, трэба ўмець правільна сагрэць арганізм”, – кажа чалец пінскага Таварыства выратавання на вадзе Аляксей Нагорнаў:

– Трэба неадкладна ісці ў цёплае месца, пераапрануць цёплую вопратку на сухую. Расціранне цёплай вадой, але ні ў якім выпадку снегам не трэба расціраць. Цёплай вадой – наліць у бутэлькі вады, каб яна была не кіпенем, а градусаў 40, пакласці пад пахі, пад патылічную частку, сагрэць, расцерці ручніком. Даць цёплае піццё – не гарачае, не кіпень, а цёплае піццё, ні ў якім выпадку алкаголь не даваць.

Выратавальнікі паведамляюць, што на Берасцейшчыне толькі ў апошнія суткі назіраецца надвор’е, якое спрыяе фармаванню неабходнай таўшчыні лёду, але такое марознае надвор’е павінна захоўвацца на працягу пяці дзён.

Беларускае Радыё Рацыя