Выратаваць Бандарэнку!



Праваабаронца, былы дырэктар арганізацыі „Платформа” Андрэй Бандарэнка ў небясяпецы. Трывожныя звесткі былі агалошаны на вечарыне, якую правялі сябры шэрагу грамадскіх арганізацый у Менску адмыслова ў падтрымку Андрэя Бандарэнкі, а таксама заснавальніка „Платформы”  Міхаіла Жамчужнага.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Па словах грамадскага і палітычнага дзеяча, сябры палітсавета Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Дабравольскага,  Бандарэнка і Жамчужны пацярпелі за тое, што абаранялі інтарэсы грамадзянаў. І зараз вельмі важна падтрымаць праваабаронцаў. У бабруйскай калоніі №2 на Бандарэнку небяспечны ціск ідзе з боку тых зняволеных, якія супрацоўнічаюць з уладамі.

А арыштаваны ў Віцебску Міхаіл Жамчужны чакае суда па сфабрыкаванай справе быццам аб незаконным праслухоўванні супрацоўнікаў міліцыі з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў і спробе даць хабар міліцыянту.

Аляксандр Дабравольскі: Жамчужны наогул асоба не вельмі вядомая. Ён быў заснавальнікам арганізацыі „Платформа”, дырэктарам якой працаваў Андрэй Бандарэнка. Яны арыштаваныя ў розны час. Але відаочна, што тут ёсць пэўная сувязь. Таму што „Платформа” – гэта праваабарончая арганізацыя, якая бараніла не толькі палітыкаў, а ў першую чаргу простых людзей, якіх катавалі ў турмах, якіх збівалі ў міліцыі, якія цярпелі не за палітычныя пераканні, а проста таму што ў нас такая сістэма. Мы вырашылі, што будзем працаваць разам, каб спрыяць вызваленню гэтых людзей, каб спрыяць справядлівасці. Будзем падтрымліваць іх як толькі можам.

Андрэй Дабравольскі

Ганна Шапуцька, каардынатар грамадскай ініцыятывы ў абарону Андрэя Бандарэнкі і Міхаіла Жамчужнага: Мы вызначыліся з тым, што як Андрэй Бандарэнка, так і Міхаіл Жамчужны з’яўляюцца палітычнымі вязнямі Беларусі. Асабліва Андрэй Бандарэнка, у якога ўжо адбыўся судовы працэс. І тыя, хто прысутнічаў на ім, бачылі на ўласныя вочы гэты фарс. А тыя, хто пасля чытаў дакументы, таксама ўбачылі, што звычайная адміністрацыйная справа была, можна сказаць, перакваліфікавана ў крымінальную і Андрэй быў асуджаны незаконна. Мы лічым гэта несправядлівым. Мы лічым, што патрэбна дамагацца вызвалення Андрэя і будзем рабіць усё магчымае дзеля гэтага. То бок пісаць і лісты падтрымкі, і звароты ў міжнародныя арганізацыі з просьбай прызнаць Андрэя Бандарэнку і Міхаіла Жамчужнага, пасля суда над ім, палітычнымі вязнямі. Гэта ўсё абгрунтавана, гэта ўсё суадносіцца з крытэрамі Савета Еўропы, згодна з якімі Андрэй лічыцца палітвязнем. Тэрмін пакарання, які прызначылі Бандарэнку, несуразмерны ўчынку, якія ён зрабіў. Вельмі важна для ўлады, каб Андрэй Бандарэнка замаўчаў, і каб тая справа, якую ён рабіў адкрыта, смела і мужна, была спынена. І каб ён больш ніколі не займаўся абаронай вязняў турэм, дапамогай тым, хто пацярпеў ад гвалту праваахоўных органаў.

Ганна Шапуцька

Вольга Нікалайчык, кінарэжысёр, грамадская актывістка: Андрэй раскачаў лодку. Ён залез у такія парушэнні нашай пенітэнцыярнай сістэмы, што стаіць на варце дыктатуры, якія сталі ўжо вельмі небяспечнымі для ўладаў. Калі чалавек гаворыць пра гэта з трыбуны ААН і пытаецца, куды пайшлі велізарныя суммы грошай, якія выдзяляліся на рэфармаванне пенітэнцыярнай сістэмы ў Беларусі, то гэта ўжо палохае ўладу. Я думаю, вось у чым асноўная прычына, чаму за Бандарэнку і Жамчужнага ўзяліся, справакавалі і так надзейна закрылі за кратамі… Зараз Андрэй Бандарэнка апынуўся ў жахлівай сітуацыі. Па адзін бок яго сістэма знішчае на „зоне”. Па замове зверху супраць яго пайшлі „зэкі”.  Па-другое, праваабаронцы не прызнаюць яго палітзняволеным. І пішуць яму, „справу тваю адсочвалі, але палітычным цябе не прызналі”. І сітуацыя ў турме, і сітуацыя з праваабаронцамі, на мой погляд, жахлівыя. Мы мусім дабівацца экспертызы разам з праваабаронцамі, каб перагледзець справы і прызнаць Бандарэнку і Жамчужнага палітзняволенымі. І мы мусім дабівацца праз скаргі на Міністэрства ўнутраных спраў і Дэпартамент выканання пакаранняў, каб усё ж такі быў спынены ціск на „зоне” на Андрэя Бандарэнку.

Валер Бандарэнка, бацька Андрэя Бандарэнкі: Андрэй пераведзены ў атрад з памяшкання камернага тыпу (ПКТ), дзе знаходзіўся 2 месяцы. Але праблемы маюцца. Адміністрацыя калоніі кажа, што спрабуе вырашыць гэтыя праблемы, высветліць, адкуль яны ўзяліся. А прыйшлі яны туды, разам з ім. Нехта адпраўляў гэтыя праблемы туды, у калонію з ім сумесна, то бок разам з ім яны туды і прыйшлі. Нехта зацікаўлены ва ўсім гэтым, і ў першую чаргу, каб пасадзіць яго.

Валер Бандарэнка

Ганна Шапуцька: У выніку мы падрыхтавалі некалькі зваротаў – гэта звароты да Генеральнага пракурора і начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў. У іх мы патрабуем спыніць катаванні, якія зараз адбываюцца ў бабруйскай калоніі №2. Мы ведаем, што зараз тыя правакацыі, якія чыняць супраць яго некаторыя вязні калоніі, не спыняюцца. Зараз Бандарэнка фактычна пазбаўлены магчымасці паўнавартасна харчавацца ў агульнай сталовай. Таму ён знаходзіцца ў цяжкім становішчы. Мы лічым, што гэта віна адміністрацыі. Начальніку калоніі трэба рабіць больш захадаў, каб Андрэй мог свой тэрмін спакойна дасядзець. Таксама падрыхтаваны зварот да нашых праваабаронцаў. Мы звяртаемся непасрэдна да кіраўніка праваабарончага цэнтра „Вясна” Алеся Бяляцкага, і як да галоўнага праваабаронцы Беларусі, і як да былога палітзняволенага. У гэтым звароце  выказваецца меркаванне аб неабходнасці прызнаць Андрэя Бандарэнку палітзняволеным, а крымінальны пераслед Міхаіла Жамчужнага палітычна матываваным. На жаль, пакуль паразумення паміж прадстаўнікамі грамадства і праваабаронцамі няма. Але вельмі важна яго знайсці, каб праваабарончыя арганізацыі Беларусі баранілі Андрэя Бандарэнку і Міхаіла Жмчужнага. Гэта справа іх гонару і годнасці”, – упэўнена Ганна Шапуцька.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара