Высокае начальства наведала Міколу Чарнавуса на працоўным месцы



Прадпрымальніка з Баранавіч Міколу Чарнавуса наведала на працоўным месцы начальства не толькі гарадское, але і з вобласці. Гэта намеснік начальніка Берасцейскага абласнога спажывецкага таварыства Таццяна Чэрапава, старшыня Баранавіцкага раённага спажывецкага таварыства Уладзімір Шчарбук і дырэктар Кааператыўнага рынка Васіль Саўчанка. Візіцёры папярэдзілі Чарнавуса пра незаконнасць правядзення мітынгу 4 чэрвеня на рынку, маўляў, для гэтага патрэбнае памяшканне, кажа Чарнавус:

— Яны не даюць нам дабро на памяшканне. Я сказаў, што мітынг будзе, а яны кажуць, што можна вырашыць усе пытанні: Вы прыходзьце, мы вырашым усе пытанні, навошта вам мітынг? Я ім кажу: Не. У прадпрымальнікаў глабальныя пытанні і нам трэба правесці мітынг. А глабальнае пытанне гэта Указ № 222, які тычыцца прадпрымальнікаў.  

У сярэдзіне траўня Мікола Чарнавус падаў заяву на рэспубліканскі мітынг прадпрымальнікаў. Мітынг запланаваны на 4 чэрвеня. Павінны прыехаць прадпрымальнікі з розных гарадоў. Таксама запрашэнне атрымалі чыноўнікі з вобласці і гораду.

Беларускае Радыё Рацыя