Выстава-кірмаш “Беларусь праваслаўная” у Пінску



У Пінску завяршаецца 5-я Міжнародная духоўна-асветніцкая выстава-кірмаш “Беларусь праваслаўная”. Напрацягу тыдня тут можна было набыць вырабы з манастыроў ды цэркваў з Беларусі, Украіны, Сербіі ды Грэцыі.

Усе сем дзён працы выставы-кірмашу адбываліся круглыя сталы, семінары, лекцыі ды сустрэчы са святарамі. Мэта такіх асветніцкіх акцый – паглыбіць веды грамадзян пра хрысціянскае жыццё.

“Беларусь праваслаўную” наведаў старшыня Пінскага Савета дэпутатаў Аляксандр Гордзіч, які ў сваёй прамове да прысутных адзначыў важную ролю царквы ў паўсядзённым жыцці:

– Рэлігія і царква вяртаецца ў наша жыццё для таго, каб увесь час быць з намі і несці разам з вераю ўсё добрае ў нашыя сем’і, у нашы працоўныя калектывы, у наш горад, у нашу Беларусь. Дзякуючы гэтаму, напэўна, мы сёння маем тую згоду, якая пануе ў нашым грамадстве.

На завяршэнне працы выставы, арганізатары прадставілі наведвальнікам прэм’еру мастацкага фільма «Арда», прысвечанага Мітрапаліту і цудатворцу Алексію.

 

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя