Выстава „Партрэт” на пляцоўцы „Тэрыторыя правоў”
Заключная выстава праекта „Партрэт” прэзентавана на менскай пляцоўцы „Тэрыторыя правоў”.
Праект быў створаны Менскім Клубным домам „Адкрытая душа”, а інфармацыйным партнёрам выступіла „Радыё Свабода”. Усяго прайшло 7 сустрэчаў, падчас якіх людзі з псіхічнымі растройствамі распавядалі пра сваё жыццё, а вольныя мастакі ды мастачкі рабілі пры гэтым іх партрэты.
Мэта праекта — прыцягнуць увагу грамадства да праблем людзей з хваробамі псіхікі. Кажа 22-двухгадовая Вера, якая выступіла гераіняй партрэта на тэму „параноідная шызафрэнія”:
– Я вырашыла ўдзельнічаць у праекце таму, што для мяне вельмі важна развянчаць міфы пра псіхічныя захворванні, нейкую стыгматызацыю, каб было больш узаемаразумення паміж людзьмі, каб свет стаў неяк дабрэй.
Мастачка Яніна Зайчанка адзначыла, што дзякуючы ўдзелу ў праекце стала лепш разумець сітуацыю, у якой жывуць людзі з псіхічнымі дыягназамі:
– Мы расказвалі пра тое з якімі цяжкасцямі яны сутыкаюцца. Мне было цяжка ўявіць, што да людзей могуць так неверагодна жудасна ставіцца толькі таму, што ў іх ёсць нейкі дыягназ. Гэта вельмі цяжка прыняць.
Акрамя малюнкаў-партрэтаў, пасля размовы з кожным героям былі створаны відэа-інтэрв’ю, з якімі можна пазнаёміцца на сайце „Радыё Свабода”, а таксама ў яе сацсетках.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск