Выстава, прысвечаная 30-годдзю БНФ
На сядзібе Партыі БНФ у Менску адкрылася выстава, прысвечаная 30-годдзю стварэння Беларускага народнага фронту.
На ёй прадстаўлены творы мастакоў Аляксея Марачкіна і Генадзя Драздова.
Адкрыў выставу мастак Аляксей Марачкін:
– Мы працавалі разам. Імкнуліся да свабоды, да незалежнасці. І зараз БНФ, хоць ён і раздзяліўся, спавядае тыя ідэалы, тыя ідэі, закладзеныя яшчэ тады – 19 кастрычніка 1988 года.
Па словах Аляксея Марачкіна, ён прадставіў на выставу больш за 10, а Генадзь Драздоў – 3 карціны, якія адлюстроўваюць складаны шлях Беларусі да незалежнасці і свабоды.
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў падкрэсліў, што гэта далёка не адзіная імпрэза, якую рыхтуе партыя да 30-годдзя БНФ:
– Гэта першае мерапрыемства, якое праводзіцца на ўправе партыі БНФ і грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне”, прысвечанае 30-годдзю стварэння БНФ. Менавіта спадар Аляксей Марачкін распачынае цэлы шэраг такіх мерапрыемстваў. 17 верасня ў нас адбудзецца сустрэча з Сяргеем Навумчыкам. Гэта таксама той чалавек, які пачынаў працу ў першых шэрагах і быў дэпутатам Вярхоўнага Савета. І яшчэ будуць мерапрыемствы, пра якія мы паведамім пазней.
Выстава Аляксея Марачкіна і Генадзя Драздова будзе працаваць на сядзібе Партыі БНФ у Менску да 17 кастрычніка.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск