Выстава, прысвечаная 30-годдзю стварэння аргкамітэта БНФ (абноўлена)
У Менску ў сядзібе Партыі БНФ адкрылася выстава, прысвечаная 30-годдзю стварэння аргкамітэта Беларускага Народнага Фронту.
Адкрыў яе мастак, адзін з удзельнікаў таго паседжання 30-гадовай даўніны Аляксей Марачкін.
– Мастакоў, сяброў Аргкамітэта, на колькі я памятаю, было трое. Гэта Яўген Кулік, Мікола Купава і я. Гэта калі ўспамінаць 30 гадоў назад, 1988 год, Чырвоны касцёл, 19 кастрычніка. Канешне, ужо шмат падзеяў адбылося. Можа быць і здабытку мала. Але здабыткі усё ж такі ёсць. Як бы там не было, дзякуючы дэпутатам ад апазіцыі, была аб’яўлена незалежнасць Беларусі. То бок у найноўшай гісторы мы пацвердзілі новую дзяржаўнасць.
Шмат з задачаў, якія стаялі перад беларускім грамадствам 30 гадоў таму назад, застаюцца актуальнымі і зараз, – сказаў палітык, адзін са стваральнікаў Беларускага Народнага Фронту Лявон Баршчэўскі, адкрываючы выставу.
– Усё застаецца актуальным. Нават пытанне незалежнасці, якое было дасягнутае ў 1991 годзе, яно па-ранейшаму пад пагрозай. Таму ўсё гэта актуальна, усё гэта патрэбна, і тое, што заклалася тады стваральнікамі Народнага Фронту, яно застаецца па-ранейшаму для нашага грамадства. І за наша грамадства гэта ніхто не зробіць. Шмат хто думаў, ну як пры такой таталітарнай сістэме, КПСС над усім пільнуе, сочыць, ці атрымецца штосьці зрабіць, а аказалася, што не так безнадзейна.
І гэта важны ўрок для сённяшняга часу. У пэўныя моманты гісторыі грамадства актывізуецца. І зараз патэнцыял рэформаў, патэнцыял змен, патэнцыял гуманізму ў нацыі ёсць. А калі ў нейкі момант створацца спрыяльныя ўмовы і актыўная частка нацыі згуртуецца, то яна даробіць тое, што Беларускі Народны Фронт не здолеў дарабіць тады, – упэўнены Лявон Баршчэўскі.
Па словах удзельніка адкрыцця, сябры Сойму Партыі БНФ Юрася Чавусава, на выставе прадстаўлены ўсе этапы развіцця БНФ – ад стварэння, калі з’явіўся Беларускі Народны Фронт „За перабудову”, і да сённяшніх дней. Гэта сведчыць, што ў арганізацыі ёсць трывалая ідэалагічная аснова, якая праяўляецца ў розных палітычных варунках па-рознаму.
– У пэўных сітуацыях патрэбны моцны палітычны кулак, напрыклад, калі гэта сапраўдная выбарчая кампанія, дзе трэба перамагаць. Ёсць сітуацыя, калі гэтая ідэалагічная плыня знаходзіць праяву ў культурніцкіх акцыях, у культурніцкіх кампаніях. У гэтым годзе быў не толькі юбілей БНФ, але і юбілей Беларускай Народнай Рэспублікі. І вось гэтае святкаванне было сапраўды народным, вельмі хутка сабралі грошы на шыльду, і няхай яна яшчэ не павешаная, але яна зойме сваё месца.
А пакуль што гэтая шыльда дэманструецца на выставе сярод іншых экспанатаў. І ўвогуле, на выставе адлюстраваныя самыя розныя ўвасабленні, на якіх грунтуецца БНФ, — сказаў Юрась Чавусаў.
І Беларускі Народны Фронт, стварэнне якога афіцыйна пачалося 30 гадоў таму, стаў галоўным рухавіном гэтага працэсу, які прывёў да незалежнасці, – сказаў Аляксей Марачкін.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара