Выступленне Віктара Шандаровіча ў Менску адмянілі



Восеньскае выступленне Віктара Шандаровіча ў Менску, прысвечанае яго 60-годдзю, адмененае.

Юбілейная праграма „Усё лепшае” планавалася ў канцэртнай зале „Мінск” 28 кастрычніка. Арганізатарам сустрэчы выступала Берасцейская абласная філармонія.

Як паведаміла БелаПАН дырэктарка філармоніі Таццяна Калтынаева, адмена праграмы была яе асабістым рашэннем. „Гэта было маё рашэнне. Першапачаткова я думала, што гэта канцэрт, а аказалася, што сустрэча на палітычную тэму, — сказала яна. — Такія сустрэчы можна праводзіць дома на кухні, і адказнасць за яе правядзенне я на сябе браць не хачу. Тым больш што паступіў званок „зверху”.

Вяртанне грошай за квіткі пачалося 6 чэрвеня.

Звязацца з Віктарам Шандаровічам пакуль не ўдалося. На сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” ён напісаў: „Мае восеньскія выступленні ў Беларусі адмяняюцца. Атрымаць для мяне канцэртны дазвол у Адміністрацыі прэзідэнта апынулася справай немагчымай…”

Папулярны расейскі сатырык, публіцыст, сцэнарыст, ліберал і праваабаронца Віктар Шандаровіч доўгі час негалосна быў персонай нон грата ў Беларусі. Яго выступ у Менску 25 мая 2017 года адбыўся пасля 16-гадовага перапынку. Сустрэча з Шандаровічам доўжылася больш за тры гадзіны. Ён чытаў прозу, вершы і п`есы, адказваў на пытанні і распавядаў гісторыі. Зала праводзіла яго стоячы.

belapan.by

Фота evreimir.com