Высветлены акалічнасці забойства двухгадовай дзяўчынкі ў Слуцку



Галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэта Беларусі завершана расследаванне крымінальнай справы аб забойстве двухгадовай дзяўчынкі і замаху на забойства яе брата ў Слуцку ў студзені 2018 года.

Як паведамілі ў СК, інфармацыя пра смерць малалетняй з прыкметамі крымінальнага характару паступіла ў праваахоўныя органы ад медыцынскіх работнікаў, якія 29 студзеня выбылі па выкліку ў адзін з дамоў у Слуцку. Дзяўчынку знайшлі ў цяжкім стане са слядамі збівання. Нягледзячы на праведзеныя рэанімацыйныя мерапрыемствы, яна памерла на месцы здарэння.

Паводле дадзеных следства, 26-гадовы сужыцель маці загінулай, неадэкватна рэагуючы на асаблівасці дзіцячых паводзін, з хуліганскіх меркаванняў нанёс па розных частках цела дзіцяці, у тым ліку ў вобласць жыццёва важных органаў, не менш за 190 удараў, а яе пяцігадоваму брату — не менш за 50.

Акрамя таго, устаноўлена, што 27-гадовая маці, маючы магчымасць паведаміць у належныя ўстановы аб неабходнасці медыцынскай і іншай дапамогі дзецям, а таксама своечасова спыніць супрацьпраўныя дзеянні сужыцеля, гэтага не зрабіла. Тым самым заведама пакінула без дапамогі дзяцей, будучы абавязанай пра іх клапаціцца.

У рамках крымінальнай справы праведзены комплекс следчых дзеянняў, у тым ліку праверка паказанняў на месцы з удзелам абвінавачванага.

Да матэрыялаў крымінальнай справы далучаныя вынікі больш як 30 экспертыз, прызначаных следчымі з мэтай высвятлення акалічнасцяў таго, што адбылося, і пашырэння доказнай базы. У іх ліку заключэнні псіхолага-псіхіятрычных, судова-медыцынскіх, судова-генетычных, медыка-крыміналістычнай экспертыз, праведзеных спецыялістамі ДКСЭ.

Стацыянарнай комплекснай судовай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызай у дачыненні да абвінавачванага ўстаноўлена, што ў перыяд часу, які адносіцца да інкрымінаваных яму дзеянняў, ён мог у поўнай меры ўсведамляць значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі.

Дапытаныя ў якасці сведак больш за 100 чалавек. У іх ліку супрацоўнікі службаў і арганізацый, адказных за забеспячэнне дзяржаўнай абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей (супрацоўнікі райвыканкама, міліцыі, медыцынскія работнікі), сваякі фігурантаў, іх суседзі і знаёмыя. Выкарыстаны сучасныя метады правядзення следчых дзеянняў з малалетнімі дзецьмі: браты і сёстры загінулай былі апытаныя з прымяненнем відэазапісу педагогам-псіхолагам у пакоі для апытанняў непаўналетніх.

Дзеянні 26-гадовага мужчыны кваліфікаваныя па ч. 1 арт. 14 і п. 1, 2, 6, 13 ч. 2 арт. 139 КК (замах на забойства двух заведама малалетніх асобаў, з асаблівай жорсткасцю, з хуліганскіх меркаванняў), п. 2, 6, 13 ч. 2 арт. 139 КК (забойства заведама малалетняга, з асаблівай жорсткасцю, з хуліганскіх меркаванняў). Абвінавачваны знаходзіцца пад вартай.

Маці загінулай дзяўчынкі выстаўленае абвінавачанне па ч. 2 арт. 159 КК (пакіданне ў небяспецы). Мера стрымання — падпіска аб нявыездзе і належных паводзінах.

Крымінальная справа перададзена ў пракуратуру для накіравання ў суд.  БелаПАН