Высяканне парка прыводзіць да ўзмацнення смогу на поўдні Менска
Вялікая частка Парка 50-годдзя Кастрычніка ў Менску на скрыжаванні вуліцы Ванеева з Партызанскім праспектам амаль знішчана. Ужо некалькі гадоў мясцовыя жыхары і экалагічныя актывісты змагаюцца за захаванне парка.
Тэма на нейкі час сціхла, а цяпер паўстае з новай сілай — рабочыя спілавалі яшчэ больш дрэваў пад пляцоўку дзеля будаўніцтва новага стадыёна, а на месца прыбывалі актывісты, якія знішчылі шыльду на ўваходзе і спрабуюць заклікаць да супрацьстаяння высечцы дрэваў. У інтэрнэце ёсць петыцыя па захаванні дрэваў.
Некалькі гадоў таму быў заснаваны сайт па абароне парка і добры кантакт з мясцовымі жыхарамі, кажа аўтар інтэрнэт-старонкі Юльян Місюкевіч:
– Прыблізна 90% апытаных былі супраць будаўніцтва стадыёна ў парку. Многія з іх актыўна выступалі супраць, некаторыя пасіўна і падпісвалі, некаторыя выступалі супраць, але не хацелі падпісваць. Шмат было такіх, якія казалі, што нічога не атрымаецца, але падпісвалі.
Сам Юльян Місюкевіч цяпер таксама жыве ў Заводскім раёне. Гэта самы прамысловы, а таму і самы забруджаны раён Менска. Знішчэнне парка дзеля стадыёна на кітайскія крэдыты зробіць паветра ў раёне яшчэ горшым.
– З раніцы, калі едзеш у бок Плошчы Ванеева, то можна назіраць смог, які над плошчай ад аўтамабіляў, ад заводаў. Цяпер менавіта тая лесапаркавая зона каля Плошчы Ванеева, яна знішчаецца. Гэта вельмі дзіўна, калі ўлічыць, што побач вісіць экалагічны білборд. Нават днём у парку было чуваць, як пахне ліцейны цэх МТЗ.
Прычым смурод з Трактарнага завода ішоў яшчэ да высякання парка, цяпер сітуацыя шматкроць пагоршыцца, дадаў Юльян Місюкевіч. А побач яшчэ знаходзіцца шэраг іншых прыдпрыемстваў.
Цалкам рэпартаж слухайце ў далучаным файле:
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск