Міхаіла Жамчужнага не перавядуць у турму



Суд па пераводзе праваабаронцы Міхаіла Жамчужнага з калоніі на турэмны рэжым утрымання працягнуўся 21 красавіка ў судзе Барысаўскага раёна. 

Як перадае з Барысава праваабаронца Таццяна Рэвяка, адміністрацыя папраўчай калоніі №14, дзе адбывае пакаранне Міхаіл Жамчужны, не даставіла палітвязня ў суд, на судовае паседжанне прадстаўнікі ПК таксама не з’явіліся. Стала вядома, што адміністрацыя калоніі адклікала сваю заяву на турэмны рэжым утрымання. Неўзабаве суд прыме рашэнне наконт адклікання заявы калоніі.

Суддзя Яўген Манышаў задаволіў прадстаўленне папраўчай калоніі, вытворчасць па справе аб пераводзе Жамчужнага ў турму спыненая.

Першае судовае паседжанне па гэтай справе адбылося 2 сакавіка на тэрыторыі папраўчай калоніі №14, дзе палітвязень адбывае пакаранне і, нягледзячы на папярэдне пададзеныя заявы ў суд праваабаронцаў Паўла Сапелкі, Валянціна Стэфановіча, Алега Мацкевіча і Таццяны Рэвякі аб прысутнасці іх на адкрытым працэсе, у суд яны не былі дапушчаны. Суддзя Манышаў матываваў адмову неабходнасцю атрымання дазволу на наведванне тэрыторыі калоніі ў Дэпартаменце выканання пакаранняў. 

Другое паседжанне па справе прайшло ў адкрытым рэжыме 23 сакавіка.  Пасля пачатку працэсу зняволены заявіў шэраг хадайніцтваў, якія былі часткова задаволеныя суддзём Яўгенам Манышавым. У тым ліку хадайніцтва аб выкліку і апытанні ў судзе зняволеных, якія сведчылі, што Міхаіл Жамчужны нібыта парушаў нейкія правілы ўнутраннага распарадку, у сувязі з чым ён прыцягваўся да дысцыплінарнай адказнасці, а таксама аб апытанні ў судзе і супрацоўнікаў калоніі, якія складалі матэрыялы на ўсе гэтыя дысцыплінарныя спагнанні.

Паводле spring96.org