Выўленне цукровага дыябету ў Беларусі штогод павялічваецца на 8%



Выяўленне цукровага дыябету ў Беларусі штогод павялічваецца на 8%, паведаміла 8 лістапада на прэс-канферэнцыі начальнік аддзела спецыялізаванай медыцынскай дапамогі камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Наталля Карловіч.

Яна адзначыла, што ў Менску распаўсюджанне цукровага дыябету максімальнае, бо і выяўленне захворвання ў сталіцы вышэйшае. У год у Менску колькасць пацыентаў са зноў выяўленым дыябетам складае прыкладна 5 тыс. чалавек. „Калі па краіне распаўсюджанне складае ў сярэднім 3,8%, то ў Менску на пачатак 2017 года было 4,32%”, — сказала Карловіч.

Яна растлумачыла, што росту выяўлення захворвання ў сталіцы спрыяе больш актыўны скрынінг насельніцтва. „Ужо шмат гадоў мы насаджаем актыўную дыспансерызацыю — штогод у кожнага пацыента трэба вызначаць узровень цукру ў крыві. Цукровы дыябет, калі яго не своечасова выявіць, можа паўплываць на любое захворванне”, — сказала яна.

Раней лідарам па выяўленні цукровага дыябету была Віцебская вобласць.

Як адзначыла загадчыца кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта прафесар Таццяна Мохарт, сёння задача ўрачоў — „пашырыць і паглыбіць прафілактыку”. „Справа ў тым, што дыябет II тыпу мае вельмі бедную клінічную сімптаматыку. У чалавека ледзь павышаная глюкоза ў крыві, але ён пра гэта не ведае. І жыве так, пакуль не здарыцца бяда, — дапусцім, інфаркт. І разам з ім у яго выяўляецца дыябет. А зараз мы працуем на тое, каб гэтых людзей без сімптаматыкі знайсці раней”, — сказала яна.

Лічыцца, што ў свеце кожны 11-ты чалавек хворы на цукровы дыябет. На пачатак 2017 года ў Беларусі на дыспансерным уліку знаходзілася 303.922 пацыенты з цукровым дыябетам, у тым ліку I тыпу — 17,3 тыс., у Мінску — прыблізна 65 тыс. Летась дыягназ „дыябет” упершыню быў усталяваны 29,9 тыс. чалавек, і за апошнія пяць гадоў выяўленне расло на 8-10% у год. У агульнай структуры распаўсюджання дыябет II тыпу займае 93%.

Мохарт адзначыла, што важную частку насельніцтва пры прафілактыцы дыябету складаюць жанчыны, якія плануюць цяжарнасць. Цяжарнасць — гэта перабудова арганізма, якая суправаджаецца выпрацоўкай контрінсулярнага гармону, што павялічвае рызыку дыябету цяжарных, або гестацыйнага дыябету. Паводле яе слоў, у свеце ім захворваюць прыблізна 7% цяжарных, і гэта вельмі вялікая лічба.

Летась у цэнтры эндакрыннай паталогіі пры цяжарнасці 1-й гарадской клінічнай бальніцы Менска назіраліся 249 цяжарных з цукровым дыябетам. Дапамогу ім аказвалі з выкарыстаннем помпавай інсулінатэрапіі.

Мохарт паведаміла, што яшчэ 10-15 гадоў таму толькі 12% жанчын з цукровым дыябетам планавалі сваю цяжарнасць і рыхтаваліся да яе. Сёння гэтая лічба дасягае 82-87%. Несумненна, адзначыла прафесар, гэта ўплывае на нараджэнне больш здаровых дзяцей.

Як папярэдзіла Мохарт, да росту колькасці выпадкаў цукровага дыябету II тыпу і гестацыйнага дыябету прыводзіць распаўсюджанасць атлусцення сярод жанчын.

belapan.by