Вываз смецця – паслуга абавязковая



Толькі 145 рублёў пенсіі па інваліднасці атрымлівае Алякандр Крупскі з пасёлка Крулеўшчына, што ў Докшыцкім раёне. Па яго словах, яму ледзь хапае грошай на лекі, а тут прыйшла яшчэ адна бяда – квітанцыі з запазычанасцю на вываз смецця і пагроза падачы дакументаў у суд, калі ён яе не пагасіць.

Як кажа Аляксандр Крупскі, раней не было праблем з вывазам смецця, самі з гэтым спраўляліся, нікому нічога не плацілі, бо адходаў ніякіх не заставалася. А зараз, на яго думку, трэба плаціць немалыя грошы за гэта.

Прыходзяць кожны месяц паперы на аплату за вываз смецця. А я смецце здаю: пластыкавыя і шкляныя бутэлькі здаю ў краму, паперу і галлё спальваю ў печы, а харчовыя адходы з’ядаюць сабакі. Таму я не засмечваю навакольнае асяроддзе.

Аляксандр Крупскі напісаў заяву пра скасаванне дамовы на вываз смецця. У Докшыцкай жыллёва-камунальнай гаспадарцы яму сказалі, што калі дамова і будзе скасаваная, плаціць за вываз смецця ён ўсё адно будзе. Але ён можа звярнуцца з заявай ва ўстанову на зніжку аплаты за паслугі, бо з’яўляецца інвалідам.

Сітуацыю каментуе начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай і прававой работы Докшыцкае РУП ЖКГ “Докшыцы- камунальнік” Таццяна Галавач:

Адмова ад падпісання дамовы на аказанне жыллёва-камунальных паслуг не вызваляе яго аплаты. У нас ёсць Жыллёвы кодэкс Рэспублікі Беларусь, у прыватнасці 29 артыкул, у нас ёсць пастанова Савета міністраў №571. Таму ў нас заканадаўча прадугледжана, што кожны грамадзянін-уладальнік жыллёвага і нежыллёвага памяшкання абавязаны ўносіць плату за асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі.

У жыллёва-камунальныя гаспадаркі ды да журналістаў зараз часта звяртаюцца людзі наконт вывазу смецця. У адных праблемы, як яго вывезці, у другіх – заключэнне і скасаванне дамоў, у трэціх – вялікія налічэнні, на іх погляд. Бачна, што гэта надзённае пытанне для людзей, асабліва для вяскоўцаў. Таму ўладам трэба працаваць у кірунку інфармаванасці людзей, перш за ўсё сельскім саветам.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі