Выява аўтазакаў на цішотках прызнаная неэтычнай
Неналежнай і неэтычнай была прызнаная выява аўтазакаў на цішотках, што прадаваліся ў адной з нацыянальна арыентаваных крамаў па вуліцы Савецкай у Берасці.
Днямі адбылося судовае паседжанне на прадмет забароны продажу рэчаў з надпісам Welcome to Belarus, які нібыта прыраўняў вобраз Беларусі да аўтазакаў і гвалту, – распавёў саўладальнік крамы «Князь Вітаўт» і інтэрнэт-крамы kniаz.by Алег Чапараў:
– У нас быў суд па гэтых цішотках з аўтазакам. Гэтую выяву ўсё ж такі прызналі рэкламай. Прычым рэкламай неналежнай, неэтычнай і знеслаўляючай. І суд нам прысудзіў за гэтую рэкламу выплаціць штраф штраф 40 базавых.
Таксама днямі да ўладальнікаў крамы прыходзілі прадстаўнікі МНС і правяралі ўсё, што звязаная з пажарнай бяспекай. Прадпісанні ці штрафы пакуль выпісаныя не былі, але ўсё яшчэ можа быць наперадзе — дадаў Алег Чапараў.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота: kniaz.by