Вызначаны графік правядзення ЦТ



Міністэрства адукацыі пастановай №5 ад 25 студзеня вызначыла графік цэнтралізаванага тэставання ў 2018 годзе. Дакумент 8 лютага апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Як і летась, ЦТ пачнецца 12 чэрвеня з выпрабаванняў па беларускай мове. 14 чэрвеня пройдзе тэставанне па рускай мове, 16 чэрвеня — па грамадазнаўстве, 18 чэрвеня — па матэматыцы, 20 чэрвеня — па біялогіі, 22 чэрвеня — па замежных мовах (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская), 24 чэрвеня — па хіміі, 26 чэрвеня — па фізіцы, 28 чэрвеня — па гісторыі Беларусі, 30 чэрвеня — па геаграфіі. Завершацца выпрабаванні 2 ліпеня экзаменам па сусветнай гісторыі найноўшага часу.

Вызначаны таксама графік цэнтралізаванага тэставання ў рэзервовыя дні. Яно будзе праводзіцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. На 6 і 10 ліпеня запланаваныя выпрабаванні па грамадазнаўстве, матэматыцы, біялогіі, замежных мовах, хіміі, фізіцы, гісторыі Беларусі, геаграфіі, сусветнай гісторыі. Тэставанне па беларускай і рускай мовах пройдзе 6 і 8 ліпеня.

Пачынацца тэставанне будзе ў 11.00, у тым ліку ў рэзервовыя дні.

Тэрміны рэгістрацыі абітурыентаў для праходжання ЦТ у рэзервовыя дні — з 30 чэрвеня па 3 ліпеня.

База звестак абітурыентаў фармуецца праз аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму „Агульнарэспубліканскі банк даных удзельнікаў цэнтралізаванага тэставання”. Абітурыенты размяркоўваюцца па аўдыторыях у пунктах правядзення ЦТ з выкарыстаннем спісаў абітурыентаў, складзеных метадам выпадковага выбару.

Фота БелТА