Вызваленыя тры фігуранты справы „Белага легіёна”



27 чэрвеня на волю з СІЗА-1 у Менску выйшлі тры фігуранты справы „Белага легіёну” — Сяргей Стрыбульскі, Аляксандр Зімніцкі і Уладзімір Фёдараў. Паводле звестак праваабаронцаў, ім змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.

У прыватнасці, як паведамляе пазбаўлены афіцыйнай рэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”, Сяргею Стрыбульскаму, затрыманаму 21 сакавіка ў межах крымінальнай справы „аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”, пазней было выстаўленае дадатковае абвінавачанне па арт. 287 КК (стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання). 24 мая яму быў прадоўжаны тэрмін утрымання пад вартай на два месяцы.

Пасля таго як КДБ спыніў справу па ч. 3 арт. 293 КК, ён заставаўся пад вартай у рамках другой крымінальнай справы сярод 14 яе фігурантаў.

Акрамя таго, праваабаронцы „Вясны” атрымалі пацвярджэнне аб вызваленні яшчэ аднаго затрыманага па гэтай крымінальнай справе — Аляксандра Зімніцкага.

Ёсць таксама інфармацыя аб вызваленні Уладзіміра Фёдарава. Аднак акалічнасці яго вызвалення пакуль невядомыя.

Удакладняюцца звесткі ў дачыненні да іншых асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай у следчых ізалятарах МУС і КДБ.

Затрыманні па абвінавачанні ў падрыхтоўцы беспарадкаў пачаліся пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка 21 сакавіка заявіў аб „баевіках, якія рыхтуюць правакацыю са зброяй”. КДБ распачаў крымінальную справу па факце навучання і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. Па справе было затрымана больш за 30 чалавек — былыя актывісты спартыўна-патрыятычнага клуба „Белы легіён” (арганізацыя спыніла сваю дзейнасць больш за 15 гадоў таму), афіцыйна зарэгістраванага клуба „Патрыёт” і не зарэгістраванага ў Беларусі „Маладога фронту”. Пасля некаторым змянілі меру стрымання (падпіска аб нявыездзе, хатні арышт).

Паводле звестак праваабаронцаў, у СІЗА КДБ і СІЗА МУС да сённяшняга дня пад вартай заставаліся 14 чалавек, затрыманых з выстаўленнем абвінавачанняў у „падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” на Дзень Волі 25 сакавіка ў Менску.

Кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык лічыць заўчасным гаварыць аб тым, ці дойдзе справа „Белага легіёну” да суда. Пра гэта ён заявіў 13 чэрвеня журналістам у Палаце прадстаўнікоў, адказваючы на пытанне, ці будзе перададзена ў суд справа з улікам таго, што яе фігурантаў пачалі адпускаць. „Гэта заўчасна казаць пра гэтыя пытанні. Справа ў тым, што следства аб’ектыўна разбіраецца з тымі праблемамі, якія ёсць, — сказаў Вакульчык. — Вы выдатна ведаеце, што абвінавачанні сур’ёзныя былі выстаўленыя, але ў каго не было доказаў або хто невінаватыя, ім усё спынена. І гэта праца ідзе для таго, каб аб’ектыўна разабрацца”.

belapan.com