«WATCH DOCS памеціў», або антыпрэмія для чыноўнікаў
Міжнародны фэст дакументальнага кіно Watch Docs Belarus і тэлеканал „Горад для гараджан” ствараюць антыпрэмію для чыноўнікаў. Яна будзе называцца „WATCH DOCS памеціў”.
„Мы хочам абараняць правы чалавека не толькі з дапамогай паказу фільмаў і абмеркаванняў, але і дзеяннем, адзначаючы (пазначаючы) медалём „за выдатныя заслугі ў галіне правоў чалавека” асобныя органы, структуры, ініцыятывы або іх прадстаўнікоў”, — гавораць арганізатары.
Грамадзянам прапануецца падаць заяўку, у якой будуць пазначаныя наступныя пазіцыі:
1. дзяржаўны орган, ведамства або прадпрыемства;
2. канкрэтны факт парушэння правоў
3. апісанне „заслугі” намінанта і спасылка на публікацыю ў СМІ пра дзеянне/бяздзейнасць, каб можна было праверыць гэты факт.
Арганізатары плануюць не закляйміць ганьбай чыноўнікаў, а тонка высмеяць іх. Прадстаўнікоў ведамстваў, адзначаных антыпрэміяй, запросяць на ўручэнне медаля падчас закрыцця фестывалю, якое пройдзе ў Менску 16 снежня ў 15:00 у кінатэатры „Мір”.
Паводле watchdocs.by