Wi-Fi з’явіўся ў рэйсавых аўтобусах у Гародні
Мабільны аператар МТС абсталяваў кропкамі Wi-Fi 26 аўтобусаў у абласным цэнтры. Заказчыкам выступіла прадпрыемства “Гроднааблаўтатранс”. Бясплатны Wi-Fi з’явіўся ў аўтобусах, якія курсіруюць на міжгародніх і міжнародных маршрутах, перавозяць пасажыраў з Гародні ў Менск, Ашмяны, Астравец, Ліду, Ваўкавыск, Воранава, Наваградак і Смаргонь. Таксама бясплатны інтэрнэт даступны на міжнародным маршруце, які злучае Гародню і польскі Гданьск, а таксама Гародню і ўкраінскую Затоку.
“З’яўленне Wi-Fi дазваляе павысіць узровень камфорту падчас паездкі. Многія аўтобусныя перавозчыкі пачалі прадастаўляць бясплатны інтэрнэт, ствараючы тым самым дадатковыя выгоды для пасажыраў. Пакуль знаходзішся ў дарозе, можна праверыць пошту, паслухаць музыку ці паглядзець ролікі”, — адзначаюць у кампаніі МТС.
Для таго, каб скарыстацца бясплатным Wi-Fi, трэба прайсці ідэнтыфікацыю: пры першым наведванні карыстальнік аўтаматычна перанакіроўваецца на партал аўтарызацыі, дзе патрабуецца ўвесці нумар свайго мабільнага тэлефона. Пасля гэтага прыйдзе SMS з кодам для падключэння. Сетка наладжаная такім чынам, каб забяспечыць камфортны сёрфінг адначасова ўсім пасажырам.
Годам раней МТС запусціў Wi-Fi на адным з прыпынкаў Гародні па вуліцы Дубко, каля гандлёвага цэнтра OldCity. Бясплатным інтэрнэтам могуць карыстацца мясцовыя жыхары, госці з іншых гарадоў і замежныя турысты.