XVIII Беларускі Трыялог у Крынках



Спадчына Адама Міцкевіча належыць усім нашым сучасным народам – польскаму, літоўскаму, беларускаму, ды агулам усяму чалавецтву. Пра гэта казалі многія ўдзельнікі Беларускага Трыялогу ў Крынках на тэму “Litwo! Ojczyzno moja!” Хоць, як заўважае беларускі грамадскі дзеяч і мовавед Вінцук Вячорка, нават унутры беларускай супольнасці, у тым ліку акадэміцкай, на гэтую тэму пастаянна вядуцца дыскусіі:

– Дагэтуль змагаюцца два падыходы. Адзін – “западнорусизм, русский мир”, а другі грунтуецца ўсё ж на беларусацэнтрычным поглядзе. Але ў межах гэтага беларусацэнтрычнага погляду таксама змагаюцца некалькі падыходаў. Скажам, у якой ступені лічыць спадчыну ВКЛ адзінай і асноўнай крыніцай, грунтам, варывам, з якога зварылася сучасная беларуская нацыя.

“У той жа час у дыскусіі з многімі польскімі гісторыкамі і палітыкамі мы бачым, што тут захоўваюцца свае стэрэатыпы”, – працягвае Вінцук Вячорка:

Такога погляду згары на гісторыю, феномены, культурныя з’явы – усё тое, што было на ўсход ад Буга. Само ўжыванне слова “крэсы” ў дачыненні да цяперашніх дзяржаў ды, зрэшты, да старога Княства Літоўскага, якое было фармальна і фактычна раўнапраўнай часткай дзяржавы двух народаў, на маю думку, непрадуктыўнае.

Наш суразмоўца выказаў задавальненне, што польскія ўдзельнікі Беларускага Трыялогу не падтрымліваюць такія падыходы. 

Трыялог – гэта спадчына выбітнага беларускага і польскага публіцыста і пісьменніка Сакрата Яновіча. Галоўны арганізатар мерапрыемства – Фонд Villa Sokrates, сядзіба якога месціцца ў сакратаўскай хаце ў падляшскіх Крынках.

* * * 

“Беларускі Трыялог – 2017” у Крынках пачаўся з мастацка-тэатральнай часткі. У невялікае памежнае падляшскае мястэчка з’ехаліся творцы з Варшавы і Любліна, а таксама госці з іншых гарадоў, у тым ліку і з беларускіх.

Як кажа пастаянная ўдзельніца Трыялогу, настаўніца і аматарка тэатру Аліна Ваўранюк, Крынкі сталі месцам прыцягнення розных людзей і розных відаў мастацтва:

– Я пад вялікім уражаннем таго, што нарэшце Трыялогі адкрытыя для людзей. Мне вельмі падабаецца тое, што можна паглядзець на розныя віды мастацтва. Так як раней мы ездзілі ў свет, каб паглядзець іншых, то файна, што цяпер свет прыязджае ў гэтыя Крынкі. Я ўвогуле за тое, каб такіх асяродкаў культуры было як мага больш.

Ці варта дыскутаваць, да культуры і гісторыі якога народу належыць асоба і творчаць Адама Міцкевіча? І што мы маем на думцы, калі паўтараем радкі з твору Міцкевіча “Litwo! Ojczyzno moja”? Між іншым пра гэта дыскутуюць падчас “Беларускага Трыялогу” ў Крынках.

На думку вядомага польскага мастака з беларускімі каранямі Анджэя Струмілы, Міцкевіч належыць ўсяму чалавецтву:

– Думаю, што Міцкевіч увогуле належыць чалавецтву. Гэта не значыць, што ён належыць французам, хаця вучыўся ў Сарбоне. Ці належыць туркам, хоць арганізоўваў там легіён. Ці належыць Расеі, бо пэўны час сябраваў з Пушкіным. Міцкевіч належыць усім нам, а калі ідзе пра яго карані, то яны паходзяць з беларускай зямлі.

Удзельніца дыскусіі, літаратарка Людміла Рублеўская лічыць, што зараз вельмі важна працаваць над стварэннем беларускага нацыянальнага міфу, які пакуль яшчэ мала распрацаваны і не ўведзены ў масавую свядомасць беларусаў:

– У гэтага міфа ёсць шмат аспектаў, ёсць рамантызуючая плынь, ёсць аплакваючая плынь. Вельмі важна, каб гэты міф быў пазбаўлены ўплыву міфу знешняга паходжання пра беларуса, як пра звышталерантнага, вельмі працавітага, які сваю гісторыю пачынае з 1918 г.  

На думку літаратаркі, Адам Міцкевіч паказаў вобраз іншага беларуса – шляхетнага ды інтэлігентнага, такі вобраз беларуса і трэба папулярызаваць. “Беларускі Трыялог” у Крынках працягвае сваю працу да позняга вечару, таму ахвотныя могуць прыехаць і далучыцца да ўдзелу ў гэтым мерапрыемстве.

[Not a valid template]

Сённяшні дзень у межах Беларускага Трыялогу прысвечаны дыскусіям, тэма якіх узятая з твору Адама Міцкевіча – “Litwo! Ojczyzno moja”. Сярод удзельнікаў з беларускага боку – Вінцук Вячорка, Людміла Рублеўская і Алесь Краўцэвіч. Увечары пройдуць канцэрты.

Уваход на ўсе мерапрыемствы – вольны. “Беларускі Трыялог” арганізуецца ў 18 раз. Яго ініцыятарам быў выбітны беларускі і польскі публіцыст і пісьменнік Сакрат Яновіч.

[Not a valid template]

Litwo! Ojczyzno moja!” – гэты радок з твора Адама Міцкевіча стаў тэмай сёлетняга, 18-га па ліку, Беларускага Трыялога ў Крынках. Сярод яго ўдзельнікаў гісторыкі Алесь Краўцэвіч і Яўген Мірановіч, палітыкі Павел Коваль і Вінцук Вячорка, паэт Анатоль Брусевіч і мастак Анджэй Струміла ды іншыя вядомыя асобы з Беларусі і Польшчы.

Мерапрыемства адкрытае для ўсіх зацікаўленых, – запрашае старшыня Управы Фонду Villa Sokrates, прафесар Лявон Тарасевіч:

Збіраемся, каб пражыць два дні на такім узроўні, з такімі праблемамі, сярод такіх людзей, з якімі мы хочам быць, і каб адбылася дыскусія. Не ведаем, што з гэтай дыскусіі выйдзе, але я думаю, што будзе цікава. Тым больш весці яе сёлета будзе Хрыстафор Чыжэўскі, які быў суаўтарам кніжкі Літва”.

Мерапрыемства ў Крынках пачынаецца 1 верасня а 17-ай гадзіне з мастацка-тэатральнай часткі. Асноўныя дыскусіі пройдуць у суботу, 2 верасня, у будынку Дома культуры гістарычнай каўказскай сінагозе.

Беларускі Трыялог – гэта спадчына выбітнага беларускага і польскага публіцыста і пісьменніка Сакрата Яновіча. Яго галоўны арганізатар Фонд Villa Sokrates, сядзіба якога месціцца ў сакратаўскай хаце.

Беларускае Радыё Рацыя