“Я – аўтар” – усё пра аўтарскае права ў адной брашуры



Ці аўтарскае права – гэта пашыраная практыка ў Беларусі? Як яго бараніць, выкарыстоўваць або перадаваць? Гэта ды іншае, а ўвогуле ўсё, што трэба ведаць аўтару пра аўтарскае права ў Беларусі знайшло сваё месца ў брашуры “Я – аўтар”, якую ўклала Вольга Сямашка.

Пра гэта – ў размове з аўтаркай-укладальніцай:

– Гісторыя аўтарскага права ў Беларусі прайшла даволі складаны шлях, пачынаючы з Савецкага Саюзу, калі фактычна ўласнасці на творы не існавала. Вельмі красамоўным з’яўляецца прыклад Астрыд Ліндгрэн, чые кніжкі прадаваліся ў Савецкім Саюзе без выплаты ганарару аўтарцы. Прынамсі, усе нормы аўтарскага права, пра якія ідзе размова ў брашуры, былі ўведзеныя ў Беларусі ў пачатку 1990-х гадоў. І, безумоўна, яны былі крыху штучным утварэннем, таму што мы не мелі ўласна створанай сістэмы аўтарскага права, якая б падхапіла гэтыя лагічныя новаўвядзенні і панесла б іх далей. Таму ў нас ёсць пэўныя складанасці з тым, што аўтары не ведаюць свае правы, не ведаюць, як імі карыстацца, і ў выніку прыняты ў Беларусі Закон “Аб аўтарскіх і сумежных правах” – ён крыху мёртвы, бо ён прыняты па-за сферай дзейнасці тых суб’ектаў, чые дзеянні ён рэгулюе, то бок саміх аўтараў.

РР: Ці ёсць у айчыннай практыцы выпадкі, калі аўтар змог абараніць свае правы, звяртаючыся да законных магчымасцей?

– Так, безумоўна. У судовай практыцы нашай краіны маюцца некалькі цікавых выпадкаў, калі аўтары звярталіся ў выпадку плагіяту або ў выпадку кантрафакту некаторых асобнікаў твораў. Большасць жа практыкі датычыцца музычных твораў, таму што гэтыя творы выкарыстоўваюцца больш шырока, іх аўтары, кампазітары ды іншыя людзі, якія спрычыніліся да паўстання твору, яны маюць матэрыяльныя патрэбы, якія звязаныя з тымі ж радыёэфірамі і гэтык далей. Кніжныя ж нашы аўтары больш зацікаўлены ў тым, каб іх кнігу чыталі, таму ў выпадку фактаў парушэння яны ў большасці не звяртаюць на гэта ўвагу і, да прыкладу, кажуць “няхай крадуць”.

Прыгадаем, што нядаўна беларускі кампазітар Эдуард Ханок забараніў выкарыстоўваць музыку пяці сваіх твораў да вырашэння спрэчных пытанняў.

РР: Давайце звернем увагу на тое, што, акрамя літаратурных твораў, карцін або музычных плытаў, аўтарскае права тычыцца таксама і журналістаў, якія да таго ж у сваёй працы вельмі шчыльна звязаныя з інтэрнэтам, з сацыяльнымі сеткамі. Вось на што трэба звярнуць увагу журналістам?

– У працы журналіста спрацоўваюць усе асноўныя прынцыпы аўтарскага права, і калі журналіст выкарыстоўвае матэрыялы, то ёсць абавязковай спасылка на выданне. У любога СМІ, якое працуе ў электронным фармаце, заўсёды ёсць абмежаванні, напрыклад, абавязковае спасылка на СМІ, ці нават просьба дазволу на перадрук матэрыялу.

РР: Калі аўтар палічыў, што яго правы парушаныя, то ва ўмовах Беларусі куды трэба звяртацца, якая ёсць працэдура і першыя інстанцыі?

– У першую чаргу павінна быць пісьмовая прэтэнзія да парушальніка, таму што звычайна такія справы вырашаюцца на першых кроках. Калі гэта не дапамагае, і калі, напрыклад, інфармацыя змешчана ў СМІ, то можна звяртацца ў Міністэрства інфармацыі, якое мае сваю сістэму спагнанняў і нават можа блакаваць інфармацыйныя сайты. І ёсць спецыяльныя Калегіі пры Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь, дзе вырашаюцца такія спрэчкі. Я думаю, што падобныя звароты толькі ўзбагацяць нашую практыку, судовую практыку. Мы не павінны адставаць ад іншых краін у гэтым пытанні і спускацца ў нейкае сярэднявечча.

РР: І звернем яшчэ ўвагу на сімвал аўтарскага права – гэта літара “с” абведзеная ў кружок…

– Так, гэта міжнародны сімвал аўтарскага права ва ўсім свеце. Ён абазначае акурат, што дадзены твор знаходзіцца пад аховай аўтарскага права. Ніякіх працэдур спецыяльных для гэтага не трэба, не трэба некуды ісці і казаць, што я напісаў твор і, калі ласка, яго зарэгіструйце.

“Пра аўтарскае права ў Беларусі ведаюць пакуль не многія. Хоць гэта адно з асноўных правоў чалавека, зацверджаных ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека”, – звяртае ўвагу Вольга Сямашка.

Дапаможнік “Я – аўтар… альбо ўсё, што трэба ведаць аўтару пра аўтарскае права ў Беларусі” – даступны для прачытання і вольнага спампоўвання.

Цалкам гутарка – ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя, гутарыла Яна Запольская