„Я не пафігіст, але я не веру”
Збор подпісаў ініцыятыўнымі групамі дае ўяўленне пра стан грамадства. Калі пенсіянеры цяпер не падтрымліваюць дзейную ўладу, то маладыя ў большасці не вераць нікому, не падтрымліваюць нікога і не хочуць удзельнічаць у выбарах, кажа сябра ініцыятыўнай групы Валянціна Лазарэнкава Таццяна Тарасевіч:
– Я збіраю подпісы па Белаазёрску, я магу сказаць, што за гэты час, подпісы я за Караткевіч збірала, а цяпер за Лазарэнкава, народ змяніўся, змяніліся пенсіянеры. Раней гэта была самая адсталая частка народу, якая вельмі баялася, сярод іх многія хацелі Аляксандра Рыгоравіча, а цяпер яны лёгка ставяць подпіс, цяпер яны хочуць, каб нешта змянілася. Неяк змянілася моладзь, маці ставіць подпіс, а сын каля камп’ютара і ён не можа выйсці з сеціва, адарвацца ад сваіх танкаў, яму ўсё пофіг. У адной кватэры мне адкрыў хлопец, у яго быў даволі разумны твар, але ён адмовіўся ставіць подпіс. Я яго запытала: “Вы пафігіст?”. Ён мне адказаў: “Не, я не пафігіст, але я не веру. Яны ўсе добрыя, але калі прыходзяць да ўлады, яны змяняюцца, і я не хачу ні за каго ставіць подпіс”.
РР: Ці не было выпадкаў агрэсіі падчас збору подпісаў?
– Не, гэтага не было. Некаторыя не хацелі падпісваць таму, што трэба ўказваць пашпартныя дадзеныя, яны не хацелі непрыемнасцяў.
РР: Не было такога, каб зачынялі дзверы перад носам?
– Было такое: “Я не хаджу на выбары, я нічога не падпісваю”, і раз – дзверы зачыненыя. Проста ні ў што чалавек не верыць, ні ў перамены, ні што ён можа нешта змяніць сваім подпісам, баяцца, каб не было горш. Я ім тлумачу, што калі будзе так, як ёсць, то будзе горш, бо нічога не можа стаяць на месцы. Яно рухаецца ўверх ці ўніз, няма такога, каб стаяла і не было горш, мы тады адстанем яшчэ больш.
Па словах самога Валянціна Лазарэнкава, людзі не разумеюць, хто вінаваты ў іх цяперашнім беспрасветным жыцці. Яны перакладваюць віну на апазіцыю, што яна нічога не змяніла да гэтага часу.
Беларускае Радыё Рацыя