“Я плачу падаткі… Таму што люблю Беларусь!”



На берасцейскіх вуліцах за апошнія некалькі год з’явіўся не адзін дзясятак білбордаў з райсейскамоўнымі надпісамі кшталту: “Я плачу налоги… Потому что люблю Беларусь!”, “Налоги – это наше здоровье”, “Беларусь – страна наша! Уплати налоги – и сделай ее краше!”, “Налоги – это наша природа” і іншымі.

Толькі на пяцісотметровым адрэзку ад скрыжавання Партызанскага праспекту з Маскоўскай і да Гузнянскага маста на праспекце Рэспублікі такіх білбордаў чатыры.

Берасцейцы расказалі, як ставяцца да гэтых стэндаў і слоганаў на іх, падзяліліся меркаваннямі, з чым звязана такая ініцыятыва падаткавікоў і ці любяць Беларусь тыя, хто, напрыклад, не плаціць падаткі:

– Мы ўсе любім. Толькі з падаткавай сістэмай можна паспрачацца. Не трэба далёка хадзіць. Мой муж ляжаў у бальніцы. Мы куплялі сістэмы для кропельніц, пластыр. А я ж спраўна плачу падаткі.

– Калі хтосьці не плаціць падаткі, то ён, канешне, не добры чалавек. Плаціць падаткі трэба. Але падаткі павінны быць разумнымі.

– Яны і так дастаткова з нас бяруць. З заробку бяруць вельмі шмат. І падаходны 12 працэнтаў. І пенсійны фонд 1 працэнт. З фонда заработнай платы падаткі бяруцца. Па-мойму, дастаткова мы плацім падаткі. У нас ніхто не пытаецца, з нас бяруць – і ўсё. Калі мы не заплацім падатак, то нас прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці – аж да суда.

– Маглі б нешта і іншае напісаць. Чаму „любяць – не любяць”, проста грошай у людзей не хапае.

Пра тое, з чым звязана з’яўленне інфармацыйных стэндаў у горадзе ад падаткавікоў, паведаміў першы намеснік начальніка Інспекцыі міністэрства па падатках і зборах па Маскоўскаму раёну Берасця Сяргей Золатаў:

– Вядзем тлумачальную працу, нагадваем людзям, што сплочванне падаткаў – гэта іх канстытуцыйны абавязак. Гэта не звязана з павелічэннем падаткаў.

РР: А хто прыдумаў гэтыя слоганы? “Я плачу налоги, потому что люблю Беларусь». Чыя ініцыятыва была?

– Я так разумею, што гэта наша міністэрства ўзгадняла з міністэрствам культуры. Гэтыя слоганы ў нас прайшлі ўзгадненне. Гэта міністэрскія слоганы.

Варта зазначыць, што “білборды падаткавікоў – гэта сацыяльная рэклама і таму размяшчаецца яна на бясплатных падставах”, – патлумачылі ў агенцтве, якая яе размясціла.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.

Фота аўтара