“Я раблю ўсё, што патрэбна, каб гэтая вайна хутчэй скончылася”
Беларусы актыўна спрычыняюцца да валанцёрскага руху, каб дапамагчы Украіне. Гісторыя Аляксандра – не выключэнне.
Калі вайна пачалася, мужчына жыў у Ірпені – адным з тых гарадкоў Кіеўскай вобласці, дзе баявыя дзеянні вяліся найбольш актыўна. Але Аляксандру пашчасціла своечасова з’ехаць: спачатку ў Вініцу, затым – у Івана-Франкоўск. У абодвух гарадах ён дапамагаў усім, чым мог: плёў маскіравальныя сеткі, гатаваў ежу для бежанцаў.
“У цяжкія часы падтрымлівае разуменне правільнасці сваіх дзеянняў”, – прызнаецца Аляксандр:
– Падтрымлівае тое, што я раблю добрую справу, і я раблю ўсё тое, што патрэбна, дзеля таго, каб гэта вайна хутчэй скончылася. Таму што, зразумела, вось гэтая вайна, якая ідзе, будзе вызначальнай не толькі для Украіны, але і для ўсёй усходняй Еўропы, і для Беларусі таксама. Таму, калі ты робіш добрую справу, гэта дасць рэзультат.
Нягледзячы на ўсе складанасці, Аляксандр плануе заставацца ва Украіне і падтрымліваць людзей столькі, колькі гэта будзе неабходна.
Беларускае Радыё Рацыя