„Я – той самы Петрушэнка!”



…Ужо ў Коханаве, чакаючы надыхода гаспадара, ад ягонай жонкі пачуў словы, якія ён паўтарае не першае дзесяцігоддзе і  называе сваім жыццёвым маніфестам: «З палітыкі мяне ўбяруць толькі ўперад нагамі!»

Спадарыня Галіна смяецца: «Мікалай заўжды гаворыць: калі памру, каб пахавала без папа і пад «Інтэрнацыянал». А я ў адказ — з папом і ў труну пакладу усе твае тамы Леніна ды Сталіна!»

Ён насамрэч уражвае іншых усё жыццё. Сённяшні лідар талачынскай апазіцыі,  вядомы праваабаронца, напачатку 90-ых мінулага стагоддзя разам з дэпутатамі Віктарам Алкснісам ды Сажы Умалатавай быў сустаршынём, як называла яе тагачасная дэмакратычная прэса, “камунафашысцкай” фракцыі «Саюз» у Вярхоўным Савеце СССР. У адпаведнасці з вайсковым званнем, ён  атрымаў мянушку «чорнага палкоўніка». З  выразным беларускім акцэнтам ды ваеннай рашучасцю даказваў з маскоўскіх трыбунаў неабходнасць вяртання да жорсткага адміністрацыйна-каманднага кіравання.І пасьля 91-га … больш чым на дзесяцігоддзе раптоўна знік з грамадцкага полю зроку. Разам з ім, як на выставе, перабіраем шматгранныя старонкі яго вірлівага жыцця.

Для мяне ягонае імя усплыло год 10 таму, калі каляжанка з «Народнай волі» расказала пра палкага змагара за фермерства на Талачыншчыне, які, маўляў, як на амбразуру, кідаўся на ўсе інстанцыі. І я быў нямала ўражаны, калі даведаўся, што гэта ўсё той жа … Мікалай Петрушэнка.

Пры сустрэы ад ранейшага камуніста-палкоўніка пачуў хіба  ўзгадкі пра вернасць старым ідэалам, што, нібыта, пацвярджаў поўны збор тамоў Маркса-Леніна-Сталіна, якіх,маўляў, дагэтуль вывучае з алоўкам у руцэ. Вонкава ўбачыў  па-сялянску апранутага пажылога мужчыну, які загаварыў па-беларуску.  Некаторыя факты біяграфіі і па сёння, як невядомыя старонкі гісторыі.  Малая Радзіма ў вёсцы Будка-Шыбенка, што ў Рэчыцкім раёне. Аўтадарожны тэхнікум. Танкавая камандная ды ваенна-палітычная вучэльні. Гістфак унівэрсітэту. 12 гадоў дэпутацтва. І, нарэшце, вызначальнае для яго 19 жніўня 1991-га, якое сустрэў у Казахстане, дзе са скандальным тэлежурналістам Аляксандрам Няўзоравым адстойваў – не, не ГКЧП – а  неабходнасць захавання Сяміпалацінскага ядзернага палігону.

Петрушэнка: На гэты дзень, паводле распаўсюджаных улётак, быў прызначаны грамадзянскі штурм ядзернага сховішча з вадароднымі бомбамі. Дарэчы, прыгатаваных для скарыстання ў мірных мэтах. Мала хто ведае дагэтуль, што ў савецкія часы  ўжо было 120 узрываў. Да прыкладу, для драблення Кольскай паўвыспы, стварэння штучных вадасховішчаў, нафтаздабычы, пагашэння газавых “факелаў”. Увогуле, дыпламаты заходніх краінаў у тыя дні станавіліся са збялелыі тварамі, калі ў іх спытвалі, што будзе пасля распаду СССР з ядзернымі запасамі ў Казахстане, ва Украіне ды Беларусі…

Але ў памянёны дзень, у 8 раніцы, пад «Лебядзінае возера» крочыў па калідорах Паўднёва-Казахстанскаг абкама і патрабаваў ад усіх выканання загадаў ГКЧП. Заўважыў, як змоўклі усе, а потым пачалі крытыкаваць Назарбаева. Першым жа рэйсам паляцеў у Маскву, дзе адбылася сустрэча з Лук»янавым ды сябрамі ГКЧП. Быў з найбольш радыкальнымі, якія патрабавалі ісці не на прэсавую канферэнцыю, а ў цэхі да рабочых. Арышту Ельцына і тых, хто пазней паставіў подпісы пад Белавескім пагадненнем. Петрушэнка сам жадаў апынуцца за кратамі разам з гэкачапістамі ды, па ягоных словах, даць бой на маючым адбыцца судзе Ельцынаўскай уладзе. Тым ня менш, пасля допыту ў пракуратуры яго вызвалілі з-за кратаў. Казалі, такога падарунка яму не дадуць: маўляў, у Маскву з Казахстану-ткі ён спазніўся.

Але ў Белакаменнай пасля ўсяго ў яго не было аніякіх перспектыў.І ўзяўшы ў гатэлі, як ён кажа, 100 грамаў з прычэпам, вярнуўся ў Беларусь. Пасля сказанага можаце ўявіць ці не шокавы стан вашага карэспандэнта, калі ці не праз 15 гадоў пачуў ад яго зусім супрацьлеглае. Зрэшты, прыводжу некалькі ягоных выказванняў, захоўваючы стылістыку па плёнцы:

Петрушэнка: Цяпер я  не заклікаю ані да аднаўлення СССР, ані да аб»яднання Беларусі ды Расеі, бо Саюз патрэбны Лукашэнку, як дымавая заслона, за якой можна прыкрыць той клін, які сам Лукашэнка ўбівае паміж двума народамі. Гітлер пачынаў з барацьбы супраць спекулянтаў, прадпрымальнікаў, карупцыі. Рэжым Лукашэнкі такі ж аўтарытарны, як у Мусаліні ды Гітлера. Многія ў Беларусі не разумеюць, што калі ў нас няма прадстаўнічай улады, прынцыповага дэпутацкага корпусу, выканаўчая ўлада непадкантрольная нікому, акрамя самога Лукашэнкі…

Петрушэнка кажа, што тое, што з ім адбылося, зусім не даніна кан’юнктуры. Лукашэнку, маўляў, добра ведаў асабіста — у часе барацьбы з “карупцыйнымі” цвікамі Шушкевіча той прапаноўваў Мікалаю Сямёнавічу ўвайсці ў каманду. Але ён тут жа адмовіўся пасля ўваходжання туды братоў Ціцянковых, да якіх ён страціў давер, назіраючы іх працу з чарнобыльскімі праграмамі. Між іншым, ужо ў Коханаве, яму прапаноўвалі адкрыць крэдытную лінію для будаўніцтва жыльля на 26 тысяч даляраў. Ведалі, што вярнуўся у Беларусь, як кажуць, з пустой торбай, жонкай ды трыма дзецьмі. Меў два пакойчыкі, дзе цякло з усіх дзірак. Умова — перайсьці з Партыі камуністых Беларусі Калякіна ў праўладную тады КПБ Чыкіна. У адказ Петрушэнка ўзяў у арэнду невялікі зямельны надзел. Зняў камізэльку ды … засвоіў, бадай, усе сялянскія прафесіі.За год уласнаруч пабудаваў хату. Завяліся тры дзесяткі кур, па пяцёрцы індыкаў ды качак, кароўка ды ўлюбёны бычок Пентыюм, мянушка якога, між іншым, сведчыць аб добрым знаёмстве гаспадара з кампутарам. Пабудаваў пяць вульляў з пчоламі ды высадзіў адмысловыя зімовыя грыбы ля паркана, з якіх, аказваецца, можна не толькі супы варыць. Смяецца: «пасля такога грыба ніводная жанчына не гаворыць “не” — толькі «так».

Пры канцы 90-ых Петрушэнка  ўцягнуўся у двухгадовую гучную цяжбу ў абарону фэрмэра Уладзіміра Камарова. У яго  першым у Беларусі забралі  46 га з фармулёўкай «за неэфэктыўнае карыстанне зямлёй». Ягоны ўчастак, засеяны канюшынай, стаў аазісам пасярод узаранага поля і, як аказалася, насуперак інтарэсам мясцовых вэртыкальшчыкам, якім ён «псаваў выгляд».

І хоць справа не абярнулася поспехам, павагу месцічаў Петрушэнка набыў.  У Коханаве ж я зразумеў: ягоная галоўная «дыялектыка» ўсё-ткі не ў Марксавых тамах, але ў прыроджанай празе справядлівасці. Мо таму ў гэтага, як лічыцца, зацятага камуніста, вось ужо 20 гадоў лепшым сябрам ды галоўным палітычным апанентам з’яўляецца кіраўнік мясцовай філіі КХП-БНФ Леанід Цімашкоў. Той распавёў мне, што  шмат мясцовых Петрушэнку баяцца:

Цімашкоў: Кажуць, якчагосцічарговымразампразгазеты ды радыё  ўпартабудзедабівацца, дыкдлясябечакайнепрыемнасцяў!

Тым ня менш, на выбарах у абласны савет у Коханаве ён перамог. Каб не праславуты адміністрацыйны рэсурс… Але і з ім журналіст ды палітык Петрушэнка навучыўся змагацца. У рэдкалегіі «Товарища», калі выданне яшчэ было ў шапіках, дагэтуль бяз смеху ня могуць узгадваць, як у часе падпісной кампаніі на Талачыншчыне мясцовыя кіраўнікі запатрабавалі з пошты спісы ўсіх падпішчыкаў газеты дзеля наступнага адміністрацыйнага ўціску. Людзі, спалохаўшыся, пачалі адмаўляцца ад падпіскі. Сябра рэдкалегіі Петрушэнка  за свае грошы падпісаў на газэту ўсіх галоўных раённых вертыкальшчыкаў. Можна ўявіць выраз іх твару, калі пабачылі сябе ў ліку «апазіцыянераў»! Дарэчы, мой герой даваў пэнзаля і сябрам па партыі: занадта шмат любяць змагацца з Амерыкай, Ельцыным ды Гарбачовым, замест таго, каб ставіць пытанні, што хвалююць людзей. Мо таму і пераключыўся апошнімі гадамі на праваабарончую дзейнасць? Петрушэнкаштодзень адразу вырашае для сябе ды іншых процьму справаў ды светапоглядных праблем. Скажам, у родным цяпер Коханава, дзе ўлада пад свае патрэбы адбірала ў людзей участкі пад лецішчы. На беразе Галошаўскага возера, дзе адшукаў сляды вікінгаў і разам з сябрамі ўсталяваў тысячагадовы крыж. У самой Галошаўцы, дзе ён быў ініцыятарам пабудовы “канспіратыўнай” хаты на выпадак магчымай забароны ПКБ. У Оршы, дзе ў часе апрошняй парляманцкай кампаніі выкрыў і давёў ўа суда кіраўніка жыллёвага таварыства-педафіла. І заўжды ён раздае людзям незалежную прэсу. Ён, як у абалонцы ды абярэгу – ва ўзаемаадносінах ды ўзаемадзеянні з людзьмі.

Паводле партыйнай дысцыпліны, Мікалай Сямёнавіч папрасіў ў часе падрыхтоўкі матэрыяла звярнуцца да першага сакратара партыі “Справядлівы Свет” Сяргея Калякіна. Спадар Сяргей зусім не стаў ляпіць ікону з Петрушэнкі. Найперш зазначыў пэўную нявытрыманасць майго героя:

Калякін: Петрушэнка часцяком патрабуе немагчымага. Ён можа запытацца, чаму вы не атрымалі на тэлевізіі час, каб выкласці, што лідар дзяржавы хлусіць?! І ён гэтага шчыра, з абурэннем патрабуе. Аднак ён змагар. Бо калі, адносна сёняшняга рэжыму толькі разумова аналізаваць, што можна, што нельга, дык можна прыйсці да высновы, што нічога нельга. І няма сэнсу змагацца. Прагрэс шмат у чым грунтуецца на Дон—Кіхоцтве…

А вось меркаванне экс-дэпутата ВС 13 склікання, праваабаронцы, кандыдата эканамічных навук Людмілы Гразновай. Яна даўно ведае нашага героя і на “Радыё Рацыя” удзельнічала з ім у двубоі наконт падзеяў ва Украіне:

Гразнова: Ён заўжды актыўны, ніколі не будзе адседжвацца ў экстрэмальнай палітычнай сітуацыі, кінецца ў гушчыню барацьбы. Мо занадта эпатажны, тэатральны.  Як у анекдоце – “я не супраць бойкі, але пры гэтым абавязаны прысутнічаць калектыў!” Але несістэмнасць філасофскіх поглядаў, змена пазіцыі ў адпаведнасці з бягучай кан’юнкутурай – характэрная рыса, бадай, усіх палітыкаў постперабудовачнай хвалі. Дайце веры – ніхто з нас не ведаў напачатку з чым давядзецца сутыкацца. У той жа час, мой калега па АГП Аляксандр Дабравольскі выказаўся некалі, што каб адбыліся дэбаты  Лукашэнка-Петрушэнка, апошні, магчыма б, перамог – такі ж эмацыянальны і ўзрыўны, але наконт ведаў ды інтэлекта яўна глыбей…

Але, мабыць, найгалоўнейшую перамогу Петрушэнкі я ўбачыў у вачох ягонага малодшага сына Аляксандра. Саша стаў журналістам, скончыўшы два ўніверсітэты, піша беларускія вершы. Кажа, што ад бацькі засвоіў ісціну: «лепш памерці стоячы, чым жыць на каленях!»

Экс-кіраўнік выбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча,сябар штабу экс-кандыдата Уладзіміра Някляева  Петрушэнка разумее, што за журналістыку ды палітыку сёння могуць адправіць «на хімію», але «замоўкні лепей маладушны, калі патраціў веру ты!» Гэта ягоны ўлюбёны радок з вершаў паэта-земляка Івана Батрака. Мікалай Сямёнавіч піша сам. Вось толькі некалькі радкоў з аднога з іх, напісанага акурат у дзеньмінулых, а цяпер можна сказаць і напярэдадні наступных прэзідэнцкіх выбараў.

«Учора нас давілі моцна

І хмары цёмныя плылі

А сёння людзі хочуць сонца

І ў бой святы ідуць яны.

Заве вясна ў бой чаканы,

І сэрца стукае часцей…»

[Not a valid template]

З расказаў пра “чырвонага беларуса”

Віталь Сямашка, Беларуская Радыё Рацыя