Яе любіла беларуская Канада



22 кастрычніка спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння беларускай грамадскай дзяячкі ў Канадзе, сябра Прэзідыума Рады БНР Раісы Жук-Грышкевіч (1919-2009).

Раіса Жук-Грышкевіч нарадзілася ў Пружанах. Вучылася ў Віленскай беларускай гімназіі, скончыла ўніверсітэт у Таронта, працавала лекаркай-дантыстам. Там, у Канадзе, выйшла замуж за Вінцэнта Жук-Грышкевіча – старшыню Рады БНР у 1971-1982 гадах. З першых дзён жыцця ў Канадзе спадарыня Раіса стала сябрам Згуртавання беларусаў Канады, была сярод яго заснавальнікаў. Яна ўзначальвала Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады, была сябрам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Разам з мужам у 1988 годзе ў Мідлендзе на плошчы Мучанікаў усталявала Памятны крыж тысячагоддзя хрысціянства на Беларусі. Пра свайго мужа Вінцэнта Жук-Грышкевіча напісала і выдала вялікую працу “Жыццё Вінцэнта Жук-Грышкевіча” (1993).

Уладзімір Бортнік, Раіса і Вінцэнт Жук-Грышкевічы, 1955 г.

Летам 1993 года Раіса Жук-Грышкевіч была дэлегатам Першага з’езду беларусаў свету ў Менску, а праз два гады прымала ўдзел у другім Міжнародным кангрэсе беларусістаў у Менску. Раісу Жук-Грышкевіч любілі ўсе беларусы Канады і свету. Яна перапісвалася са сваімі землякамі, а таксама з многімі творчымі людзьмі з Беларусі. Дасылала з Канады розныя беларускія кнігі, часопісы, паштоўкі. Яе пастаянна хваляваў лёс Бацькаўшчыны і лёс беларускага народа.

Памерла Раіса Жук-Грышкевіч 2 красавіка 2009 года. Разам з мужам яна пахавана на беларускіх могілках у Нью-Брансуіку (ЗША).

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя