Яфрэйтара пакараюць за дзедаўшчыну „хатняй хіміяй”?
17 верасня ў судзе Гомельскага раёна адбыліся спрэчкі па крымінальнай справе аб дзедаўшчыне. Абвінавачваны — яфрэйтар вайсковай часці № 48694 (СПА).
Згодна з матэрыяламі следства, ён незаконна прымушаў радавых адціскацца, прысядаць, стаяць на галаве і выконваць пры гэтым песню „Войскі СПА”. Гэта абвінавачаннем расцэнена як „парушэнне статутных правілаў узаемаадносін паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, пры адсутнасці адносін падпарадкаванасці” (ч. 2 арт. 443 КК). Ад дзеянняў вайскоўца пацярпелі пяць радавых.
Дзяржаўны абвінаваўца ў спрэчках выказаўся, што віна вайскоўца даказаная матэрыяламі справы. Непрызнанне падсудным віны пракурор расцаніў як спробу сысці ад адказнасці. З улікам непрызнання віны, і, адпаведна, адсутнасці раскаяння абвінаваўца прасіў суд пакараць яфрэйтара абмежаваннем волі тэрмінам на два гады без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу (так званая „хатняя хімія”).
Пацярпелыя ў сваіх выступленнях адзначалі, што не жадаюць суровага пакарання для абвінавачванага. „Я лічу, што трэба пакаранне мякчэйшае”, — заўважыў адзін з вайскоўцаў. Другі прасіў прыцягнуць абвінавачванага не да крымінальнай, а адміністрацыйнай адказнасці. „Турму для яго не хачу”, — сказаў трэці пацярпелы.
Абвінавачваны не прызнаў віну, заявіў, што салдаты яго агаварылі, бо ён быў занадта патрабавальным. „Падчас службы я часта быў дзяжурным па роце, быў патрабавальны да салдатаў. Калі іншыя маглі дазволіць салдатам не прыбірацца, да прыкладу, а адпачываць, то ў мяне была чысціня і парадак. Мяне за гэта недалюблівалі радавыя”, — выказаў меркаванне яфрэйтар.
Адвакат у сваёй прамове звярнуў увагу, што следствам не вызначаны час здзяйснення злачынства. Пацярпелыя сцвярджаюць, што злачынства адбылося ў канцы верасня. Але паводле дакументаў, у канцы верасня пацярпелыя былі ў камандзіроўцы.
Абаронца зазначыў, што пра злачынства ніхто ў часці не ведаў наогул — і гэта прытым, што дзяжурны пастаянна знаходзіцца ў казарме, вокны сушылкі выходзяць на курыльню, сцены — тонкія. „Мой падабаронны мае заахвочванні па службе. Ён меў намер працягнуць службу ў сістэме МУС. Дык чаму б ён пайшоў на гэта, рызыкаваў бы?” — заўважыў адвакат.
Ён дадаў, што гэта вайсковае падраздзяленне невялікае — у ім служаць каля 30 чалавек. І пры жаданні следства магло б апытаць усіх, „але не зрабіла гэтага”. На думку абаронцы, у справе няма доказаў гвалту, здзекаў — яны не апісаны, толькі канстатаваны. Паказанні пацярпелых і сведкі ён назваў нестабільнымі і супярэчлівымі.
Вынясенне прысуду плануецца 27 верасня.