Яго расстралялі Саветы
9 жніўня споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння беларускага палітыка, педагога, публіцыста, сябра Беларускага пасольскага клуба, сябра БСРГ, кіраўніка яе Цэнтральнага сакратарыята, чальца ЦВК БССР, які працаваў у Дзяржплане БССР і ў Камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі пры АН БССР Максіма Бурсевіча (1890-1937).
Нарадзіўся Максім Бурсевіч у вёсцы Чамяры Слонімскага павета ў сялянскай сям’і беларусаў Тараса і Марыі. Сям’я была вялікая, таму адукацыю атрымаць удалося толькі яму і старэйшаму брату Андрэю, якія закончылі Слонімскае двухкласнае вучылішча і настаўніцкую семінарыю ў Жыровічах.
Пасля заканчэння семінарыі ў 1910 годзе Максім паехаў да брата ў Ваўкавыскі павет. Можа, хацеў пераняць педагагічны вопыт ці знайсці работу, але менавіта там сустрэў на хутары Тарасаўка дзяўчыну Апалінарыю Мацвееву, з якой ажаніўся. Да апошніх сваіх дзён яна была верным сябрам і памочнікам Максіма ў яго нялёгкім жыцці.
Адразу пасля вяселля пачалося іх вандроўнае жыццё. Спачатку ў 1911 годзе ён з сям’ёй жыве і настаўнічае на Кобрыншчыне, потым — на Украіне. А ў пачатку 1922 года вяртаецца ў родную вёску Чамяры, дзе стаяла яшчэ бацькава хата.
У 1925 годзе, з дапамогай сваіх землякоў, Максім Бурсевіч адкрывае ў вёсцы прыватную беларускую школу. Знайшлася прасторная хата якраз пасярэдзіне вёскі. Выпісалі з Вільні сякія-такія падручнікі. Мужчыны парабілі парты, і заняткі пачаліся. Цеснавата было, не хапала кніжак і сшыткаў, але дзеці з вялікім настроем беглі ў школу. У сваю школу, дзе гучала родная мова. Але тады Максім Бурсевіч адчуваў, што за беларускую школу польскія ўлады яго не пагладзяць па галоўцы. І тым не менш, ён рабіў усё, каб у самадзейнай школе было так, як у сапраўднай, а можа нават і лепш. Тут вучылі не толькі пісаць і чытаць, але пачалі наладжваць вечары мастацкай самадзейнасці, у якіх прымалі ўдзел і вучні, і іх бацькі. Яны дэкламавалі беларускія вершы, спявалі песні, паказвалі сцэны з “Паўлінкі”, “Прымакоў” і з іншых п’ес.
Тры мясяцы існавала беларуская школа ў Чамярах. Усё, здавалася, ішло добра, пакуль аднойчы ў час заняткаў у клас не ўвайшлі два паліцыянты. Адзін з іх аб’явіў, што школа зачыняецца, таму вучні могуць ісці дахаты, а пан настаўнік няхай застанецца.
– Вы не маеце права, — запратэставаў Максім Бурсевіч. — Гэта гарантавана канстытуцыяй.
– Ёсць рашэнне павятовай улады, – паведаміў старшы паліцыянт.
У настаўніка яны зрабілі допыт, напісалі пратакол і сказалі яму:
– Вы праводзіце бальшавіцкую работу.
Максім Бурсевіч усміхнуўся:
– Калі беларуская асвета – гэта бальшавіцкая работа, дык бальшавікі, відаць, нядрэнныя людзі…
Але родную школу ў Чамярах закрылі. Беларускія паслы ў сейме рабілі нават запыт міністру асветы. Яны патрабавалі растлумачыць, на якой падставе ў Чамярах была закрыта беларуская школа. Чаму парушаецца Канстытуцыя Рэчы Паспалітай? Але гэта не дапамагло. У вёску прыслалі новага настаўніка-паланізатара, які пачаў агітаваць бацькоў, каб іх дзеці ішлі вучыцца ў польскую школу. Пра змаганне чамяроўцаў за родную школу сведчыць артыкул “Барацьба сялян вёскі Чамяры за адкрыццё беларускай школы”, які быў змешчаны ў газеце “Савецкая Беларусь” за 4 сакавіка 1925 года.
Дарэчы, дзякуючы Максіму Бурсевічу, штогод, пачынаючы з 1926 года, чамяроўцы паступалі і вучыліся ў Віленскай беларускай гімназіі. Сярод іх былі Анатоль Іверс, Якуб Міско, Ігар Бурсевіч, Фіякціст Міско, Мікола Бурсевіч і іншыя хлопцы. Максім Бурсевіч быў знаёмы і сябраваў з дырэктарам гімназіі Радаславам Астроўскім. І калі ў каго з чамяроўцаў не хапала ведаў, дык праз Максіма Бурсевіча і Радаслава Астроўскага іх усе роўна залічвалі ў гімназію. Пра гэта нават згадвае ў сваёй кнізе “Маё маўклівае сэрца” Якуб Міско: “На другі дзень я, добра наглянцаваўшы боты, пайшоў на прыём да дырэктара гімназіі Р.Астроўскага, несучы з сабою пісьмо ад Максіма Бурсевіча. Убачыў дзверы з надпісам “Дырэктар” і асцярожна пастукаў (так мне раіў Ігар [маецца на ўвазе сын Максіма Бурсевіча Ігар Бурсевіч, аднакурснік і аднавясковец Якуба Міско.— С.Ч.]). З кабінета данёсся зычны голас:
– Увайдзіце!
Я падаў дырэктару пісьмо і пачаў чакаць. Мне ўжо было вядома, што дырэктар – чалавек напышлівы і вельмі рэзкі. З надзеяй глядзеў на гэтага плячыстага мужчыну ў рагавых акулярах, на яго энергічны, аздоблены пышнымі рудаватымі вусамі твар. Астроўскі прачытаў пісьмо, кінуў на мяне позірк:
– Дзе вучыўся?
– Трохі ў Расеі, а пасля сам па сабе, — нясмела адказаў я.
– І думаеш у чацвёрты клас?
– Хацелася б.
– Ну-ну, — мармытнуў дырэктар. — Здавай экзамены, паглядзім.
Экзамены я здаў добра, і нават па нямецкай мове, якой вельмі баяўся…За добрую здачу экзаменаў мяне не толькі прынялі ў чацвёрты клас, а яшчэ вызвалілі ад платы за вучобу і за інтэрнат”(Міско Якуб. Маё маўклівае сэрца. Мн., 1983. С.14).
Школу ў Чамярах закрылі. А Бурсевічу не дазволілі больш займацца педагагічнай дзейнасцю. Тым не менш, у сваіх Чамярах ён быў самым адукаваным чалавекам, таму аддаў сябе грамадскай дзейнасці. «Пераважна збіраў моладзь, чытаў ёй і тлумачыў навіны і артыкулы з беларускіх левіцовых газет. Толькі многа год потым стала вядома, што гэтыя газеты не адно прывозіў у вёску, але таксама пісаў у іх пад псеўданімам «Чупрыновіч». Словам, ён быў у вёсцы граматным чалавекам, які карыстаўся вялікай пашанай у сваіх аднавяскоўцаў і то не толькі маладых — да яго голасу прыслухоўваліся ўважліва таксама старэйшыя людзі. Неаднойчы ён выступаў на нелегальных мітынгах, якія праводзілі ў вёсцы камуністы або камсамольцы. У Чамярах ён быў не толькі прапагандыстам, больш таго — быў духовым правадыром, і ён імкнуўся гэты ўплыў на сялян захаваць» (Бергман А. Максім Бурсевіч // Беларускі каляндар. Беласток. 1981. С.160).
З пачатку 1920-х гадоў Максім Бурсевіч падтрымліваў сувязь з беларускімі арганізацыямі ў Вільні. А праз пэўны час яго кандыдатура была вылучана Беларускім цэнтральным выбарчым камітэтам на пасла ў польскі сейм. У чэрвені 1925 года ён увайшоў у першы актыў Беларускага пасольскага клуба, а праз год быў залічаны ў склад ЦК Беларускай сялянска-работніцкай Грамады (БСРГ) і выбраны кіраўніком яе Цэнтральнага Сакратарыята.
Максім Бурсевіч загадваў фінансавымі сродкамі БСРГ, ствараў яе мясцовыя камітэты, наладжваў іх работу. У яго рукі аддалі ўсе фінансавыя сродкі — не інакш, мелі да яго бязмежны давер, як да чалавека сумленнага. Высока ацэньвалі яго здольнасці і прадбачылі, што ён адолее ўсё. Хоць гэта і быў для Бурсевіча незвычайны скок: з вёскі ў горад і адразу за руль вялікай і ўвесь час растучай арганізацыі. І справіўся ён дастойна. Пра гэта сведчыць і рашэнне апеляцыйнага суда, які ўсім паслам з 12 гадоў зняволення зменшыў тэрмін напалову, а Максіму Бурсевічу зменшыў толькі на 2 гады.
Пакаранне наш зямляк адбываў у Лукішках, Вронках, Каранове. У 1931 годзе, у выніку абмену палітычнымі зняволенымі, ён трапіў у БССР. Жыў у Менску. Працаваў членам прэзідыума і выконваў абавязкі кіраўніка аддзела культуры і навукі Дзяржплана БССР. Удзельнічаў у рабоце камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі пры АН БССР.
У другой палавіне 1933 года Максім Бурсевіч быў беспадстаўна звінавачаны ў так званым нацыянал-дэмакратызме, арганізацыі антысавецкага цэнтра, “заснаванага для аддзялення Беларусі ад СССР на карысць Польшчы”. А 9 студзеня 1934 года яго асудзілі да вышэйшай меры пакарання, якая была заменена 10 гадамі зняволення. Пакаранне Максім Бурсевіч адбываў на Салаўках і на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала.
9 кастрычніка 1937 года тройкай УНКУС па Ленінградскай вобласці мой зямляк быў асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Яго расстралялі 3 лістапада 1937 года. І толькі ў 1956 годзе ён быў пасмяротна рэабілітаваны па абодвух прысудах.
Максім Бурсевіч — не менш значная постаць ў гісторыі Беларусі, як Браніслаў Тарашкевіч і Сымон Рак-Міхайлоўскі. І калі пра іх напісаны кнігі, выдадзены іх творы і выступленні, адкрыты мемарыяльныя шыльды, дык Максім Бурсевіч зусім забыты. Няма ні помніка, ні шыльды, не напісана пра яго манаграфія, ні выдадзены яго выступленні і літаратурныя творы (пісаў гумарэскі, фельетоны, байкі, інфармацыі, друкаваўся ў «Беларускай долі», «Змаганьні», «Сялянскай праўдзе», «Беларускай ніве», «Беларускай справе», «Загоне», «Савецкай Беларусі»). Сёння, наогул, пра Максіма Бурсевіча мала хто ведае. Хіба толькі гісторыкі. Таму я, з нагоды яго юбілею, вырашыў прыгадаць пра свайго земляка. І пазнаёміць чытачоў сайта Радыё Рацыі з некаторымі рэдкімі фотаздымкамі.
[Not a valid template]
Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіва аўтара