Ягор Марціновіч на волі, але з буйным штрафам



Рэдактара „Нашай Нівы” прызналі вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі і пакаралі. Суд Заводскага раёна Менска прызнаў Ягора Марціновіча вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсці на праспекце Пушкіна 11 верасня.

Яго пакаралі штрафам памерам 15 базавых велічынь (405 рублёў):

– Я, як аптымістычна настроены чалавек, які жыве ў прававой дзяржаве, спадзяваўся, што гэтае незаконнае рашэнне будзе ў прынцыпе адмененае. Штраф – гэта нешта прамежкавае, гэта ўсё адно пакаранне, незаконнае пакаранне, але канешне гэта лепш, чым знаходжанне на сутках. Натуральна мы будзем яго абскарджваць, натуральна свабода слова павінна заставацца ў прыярытэце.

На мінулым тыдні Ягор Марціновіч правёў трое сутак за кратамі паводле крымінальнай справы — за паклёп. Была небяспека, што ўлады чарговы раз пакінуць за кратамі журналіста, але нейкім чынам прынялі іншае рашэнне, каментуе намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі:

– Відавочна, што ёсць нейкая замова. Мы не выключалі, што яго раней выпусцяць у суботу. Мы думалі, што гэты новы пратакол, ён складзены проста для таго, каб Ягора ўтрымліваць на сутках. Быццам бы не затрымліваючы па крымінальнай справе, але даць 15 сутак і трымаць па адміністрацыйнай справе. Можа быць сыграла кампанія салідарнасці калег, кампанія салідарнасці журналістаў. Можа быць нейкае рашэнне на версе адпусціць крыху сітуацыю і вось Ягор выйшаў.

Ягор Марціновіч застаецца падазраваным у крымінальнай справе. 17 жніўня „Наша Ніва” апублікавала інтэрв’ю з адным з дыджэяў, якія ўключылі 6 жніўня падчас афіцыйнага мерапрыемства ў Кіеўскім скверы Менску песню Віктара Цоя „Перемен”. Улад Сакалоўскі расказаў журналістам, што ў ізалятары на Акрэсціна яго біў чалавек, падобны да намесніка кіраўніка МУС Аляксандра Барсукова.

Беларускае Радыё Рацыя