Ягор Марціновіч: Новы год для нас не будзе лёгкім
Новы год, прынамсі, для нашай рэдакцыі – не будзе лёгкім. Кажа галоўны рэдактар «Нашай нівы» Ягор Марціновіч.
Іх выданне ў 2020-ым, як і іншыя незалежныя медыя – патрапіла пад масіраваную атаку. Інтэрнэт-старонку «Нашай Нівы» блакавалі без папярэджання і даводзілася змяняць адрас. 10 жніўня гумавай куляй у нагу паранілі журналіску Наталлю Лубнеўскую. Журналісты траплялі на суткі і пад судовы пераслед. І многія гэтыя праблемы пераходзяць у новы год, заўважае рэдактар выдання Ягор Марціновіч.
– Бо ў нас яшчэ ўсе працягваецца, працягваюцца допыты супрацоўнікаў. На наступным тыдні чарговае паседжанне па судзе АМАПаўцаў супраць “Нашай Нівы”, працягваецца крымінальная справа ў мяне. Таму гэта нейкі такі працэс няспынны, бясконцы. Нельга сказаць, што 31 снежня мы абнулімся і пяройдзем у новае жыццё.
Са жніўня 2020 году доступ да сайту «Нашае Нівы» на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь часткова блакавалі з-за асвятлення пратэстаў у Беларусі, потым доступ да сайта вярнуўся. 23 верасня 2020 году сілавікі зрабілі ператрус у кватэры галоўнага рэдактара Ягора Марціновіча і канфіскавалі ўсе тэхнічныя прылады і носьбіты інфармацыі. Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа за паклёп. Міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры бяз межаў» раскрытыкавала гэтую палітыку ў дачыненні да «Нашай Нівы».
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: НН