Ягора Марціновіча так і не выпусцілі пасля 10 сутак затрымання
Сёння, 18 ліпеня, скончыўся 10-суткавы тэрмін затрымання галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча, якога забралі па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса.
За гэты час яму не было прад’яўлена абвінавачванне, не была абраная мера ўтрымання, ён сядзеў у ізалятары на Акрэсціна як падазраваны.
18 ліпеня яго не адпусцілі, затрымалі ў другі раз, ужо па новым артыкуле Крымінальнага кодэкса. Па якім менавіта, следчы гаварыць адмаўляецца. Вядома толькі, што на гэты раз яго затрымалі на трое сутак.
Ягор Марціновіч быў затрыманы 8 ліпеня, пры затрыманні збіты, у Следчы камітэт прыязджала хуткая дапамога, паколькі была траўма галавы. Разам з ім былі затрыманыя галоўны рэдактар «Нашай гісторыі» Андрэй Дынько, кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэй Скурко, галоўны бухгалтар Вольга Раковіч (яе 16 ліпеня вызвалілі).
Беларускае Радыё Рацыя