Ягора Пратасеню вызвалілі з турмы па стане здароўя
19 лютага Менскі абласны суд разгледзеў скаргу адваката жыхара Салігорска Ягора Пратасені, які быў асуджаны за распаўсюд наркотыкаў на 14 гадоў зняволення, і пакінуў прысуд у дзеянні, адначасова вызваліўшы асуджанага ад адбыцця пакарання ў турме «паводле стану здароўя».
У пачатку года Ягор Пратасеня спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, пасля чаго трапіў у лякарню ў стане непрытомнасці. Цяпер зняволены знаходзіцца ў турэмным шпіталі менскага ізалятара на Валадарскага. Лекары вызначаюць яго стан як стабільна цяжкі, блізкі да комы.
«Буду звальняцца, аформлю апякунства, забяру сына дадому і буду даглядаць», – распавяла «Радыё Свабода» пра свае планы Ягорава маці Святлана Пратасеня пасля суда.
Жанчына збіраецца на сустрэчу з сынам у другой палове дня. «Лекары кажуць, што з ім усё па-ранейшаму, у прытомнасць не прыйшоў, хоць вочы адкрывае і трохі цісне руку», – распавяла Святлана Пратасеня.
Фота nn.by