Як афіцыйныя прафсаюзы будуць змагацца за краіну ў «цяжкія часы»?



Лідар Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук распавёў пра тое, чаму беларускі кіраўнік вырашыў кінуць прафсаюзы на барыкады.

Падчас сустрэчы з кіраўніцтвам Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што, «калі ў краіне надыдуць цяжкія часы, дзяржаве спатрэбяцца і прафсаюзы».

Аляксандр Ярашук: Відавочна, што ўсе гэтыя заявы звязаны з канфліктам з Расеяй. Гэта такі своеасаблівы піяр, так бы мовіць, усеагульная мабілізацыя на змаганне.

У тым ліку, на гэтае змаганне з нядобрым суседам вырашылі прыцягнуць і прафсаюзы. Але гэта толькі рыторыка, усур’ёз успрымаць яе не варта. Мы ведаем, якія героі ў Федэрацыі прафсаюзаў, і як яны гатовы адстойваць інтарэсы краіны. Яны больш гатовы змагацца за прыбліжанасць да ўлады, і беларускі кіраўнік гэта цудоўна разумее. Калі патрэбна будзе абараняць краіну, то ў першых шэрагах будуць тыя патрыёты, якіх сёння ўлада прэсуе, а не прафсаюзы і не БРСМ.

РР: Рыторыка прагучала для ўсходняга суседа?

Аляксандр Ярашук: Трэба ўсім паказаць, што, маўляў, у Беларусі аднадушнасць грамадства і ўсіх яго інстытутаў. Але насамрэч гэта не адпавядае рэчаіснасці. Няма гэтай аднадушнасці і, напэўна, ніколі не будзе. Улада павінна зразумець: не варта апірацца на калосаў на гліняных нагах.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя