Як амерыканскія беларусы святкавалі Купалле



23 чэрвеня беларусы з Нью-Ёрка і суседніх штатаў сабраліся ў парку каля мястэчка Крос-Рывер, каб супольна адсвяткаваць старажытнае беларускае свята Купалле.

Амерыканскія беларусы ладзяць Купалле ўжо далёка не першы год, але сёлета да арганізацыі свята прычыніліся вядомыя сваім творчым падыходам і ўменнем выдатна падрыхтаваць і правесці мерапрыемства Ганна Шарко і Аляксандр Мазгавы з сябрамі-актывістамі з групы ў фэйсбуку «Беларусы ЗША. Разам лягчэй». Таму сёлетняе Купалле адбылося ў пашыраным фармаце і планавалася як актыўны адпачынак на працягу абодвух выхадных дзён. У дадатковай праграме былі футбол, валейбол, урок беларускай мовы, гульня «Пошук папараць-кветкі» на ўзор больш вядомай гульні «Пошук скарбаў», спартыўная эстафета з інтрыгуючай назвай «Бітва княстваў» і іншыя заняткі. Валянціна Якімовіч прывезла сваю вялікую калекцыю вышываных беларускіх кашуль і строяў для тых, у каго не было сваёй традыцыйнай вопраткі.

Такім чынам, каля вогнішча ўсе ўдзельнікі святкавання былі апранутыя ў сапраўдныя беларускія вышываныя кашулі і сукенкі. Лена і Пётр Рыжыя падрыхтвалі адмысловы купальскі напой, завараны на 27-мі розных зёлках — Крупнік. Перад тым, як Купаліш і Купалінка распалілі вогнішча, Валянціна Якімовіч распавяла пра значэнне свята летняга сонцастаяння – Купалля для нашых продкаў, пра Купальскія метафары і сімалізм у купальскіх спевах і гульнях. Спевы каля вогнішча, карагоды і гульні праходзілі пад кіраўніцтвам Валянціны Якімовіч і Лены Рыжай. На сёлетнім Купаллі было шмат жадаючых скокнуць праз вогнішча, трымаючы дзяўчыну за руку. А пасля апоўначы зарганізавалася вялікая група жадаючых паехаць на суседняе возера, каб акунуцца ў ваду ў чароўную купальскую ноч. Ёсць надзея, што Купалле дапаможа ў захаванні беларускіх традыцый і ўмацаванні беларускай грамады ў Амерыцы.

У падрыхтоўцы і правядзенні свята таксама ўдзельнічалі сям’я Алены і Юрыя Кавальчукоў і Беларуска-амерыканскае згуртаванне «Пагоня».

[Not a valid template]

Фота і тэкст Сержа Трыгубовіча