Як атэіст стаў святаром



Праваслаўны святар айцец Павел Каспяровіч ужо 4 гады, як рукапакладзены і выконвае ў Гарадзенскай епархіі вельмі важную місію – арганізуе сустрэчы з алкаголе- і нарказалежнымі людзьмі, дапамагае ім выкараскацца з цяжкіх сітуацый. У сваім жыцці да святарства ён таксама шмат перажыў і пераасэнсаваў.

kaspiarovic1

 – Я зразумеў, пачаў гэта ўяўляць, меркаваць пра гэта, мне было тады 25-26 гадоў. Я зразумеў, што я жыву не так, як трэба. Гэта быў такі пераход, гэта была мяжа, калі я ўцяміў, што Бог існуе. Калі я стаў адчуваць, што існуе нейкая сіла ў маім жыцці, і я пачаў шукаць выйсце да гэтай сілы, тады адбыўся прыход да Хрыста.  

РР: Ці не бачыце вы ў гэтым пэўную іронію Бога, які даў вам на працягу жыцця адчуць усё, перш чым прыняць такое рашэнне?

– Мне здаецца па-іншаму не магло быць. Мяне апошнім часам цікавіла пытанне выхавання сваіх дзяцей. Кажуць, што мы можам падзяліцца з дзецьмі сваім досведам, вось такі клопат у мяне, што я магу падзяліцца з дзецьмі сваім досведам, а досвед у мяне такі, што я прыйшоў да Хрыста пасля 20 гадоў. Я гляджу на сваю сям’ю, на сябе, што па-іншаму не магло быць. Мой бацька памёр, ён нават не быў ахрышчаны. Я займаўся рок-музыкай, калі мы запісалі сваю першую праграму ў 1998 годзе, з 11 песень 9 былі з рэлігійным кантэкстам, але я лічыў сябе атэістам – чалавекам, які лічыць, што Бог не існуе. Увогуле ідэя Бога была для мане падазроная, сумнеўная, але былі такія хістанні. Я ўсё жыццё цікавіўся рок-музыкай, расейскай паэзіяй, а што ў рок-музыцы, што ў паэзіі ад тэмы Бога мы нікуды не падзенемся, яна ёсць. Таму былі такія хістанні, што і Бог, і нейкая рэлігійная тэрміналогія, і атэізм. Я нават быў намеснікам старшыні піянерскай дружыны школы, з 4 па 10 клас я быў старшынёй піянерскага атрада. Уся гэтая тэматыка была мне цікавая. Бацька жартаваў, як цяпер думаю, што жартаваў, што ён мяне назваў у гонар Паўла Карчагіна – гэта было для мяне ганарова, бо я чытаў раман “Як гартавалася сталь”.

kaspiarovic2

РР: Быць музыкам – гэта сфера духоўная, ідзе размова ўвогуле пра пошук сябе.

– Нарадзіўся ў 1975 годзе, калі ўжо да нас прыйшла рок-музыка. Я пачаў яе слухаць, тады рок-музыка была такім глытком свабоды. Была заходняя і савецкая рок-музыка, беларускія рок-гурты былі амаль невядомыя, для мяне яны не існавалі. З дзяцінства – гадоў з 12, я слухаў Уладзіміра Высоцкага, гэта было для мяне ўсё. Было такое параўнанне – лепей за Высоцкага ці не. Рок-музыкі спявалі на сур’ёзныя тэмы: Цой, Грабеншчыкоў, Кінчаў, Летаў, яны ўздымалі сур’ёзныя пытанні. Так я прыйшоў да расейскай паэзіі. Бацька зрабіў унёсак у маё станаўленне, бо з яго вуснаў гучалі імёны: Адама Міцкевіча, Якуба Коласа і яго любімага паэта Цютчава. Маё станаўленне – гэта рок-музыка, паэзія. Яшчэ такая дэталь, бацька на лецішча калісьці прынёс стос маскоўскай “Літаратурнай газеты”. Я ў перапынках, калі не хацеў працаваць, чытаў іх. Так я пазнаёміўся з добрай расейскай літаратурай. Рок-музыка, “перабудова”, вецер пераменаў, мая змена светапогляду. Публікацыі ў часопісах пра сталінскія рэпрэсіі, пра гэты жах, які тварыўся ў нас. Я свядома адмовіўся ад пасады старшыні піянерскага атрада, свядома не ўступаў у камсамол, але быў добрым вучнем, добра вучыўся – гэта была мая пазіцыя тады.

РР: Але ж у савецкія часы было складана адмовіцца.

– Гэта быў 1989 ці 1990 год, я ўжо неяк адчуваў, што камсамол памірае, што вецер пераменаў, што гэтая свабода ўжо назаўсёды. Любоў да беларушчыны прыйшла крыху пазней. Яшчэ такая цікавая рэч, што я не вывучаў у школе беларускую мову, а толькі беларускую літаратуру. Мяне вызвалілі ад вывучэння беларускай мовы – спісалі на дрэнны зрок. Ужо ў 11 класе я вывучаў беларускую мову з рэпетытарам, каб іспыт здаць, мая настаўніца пасля школы са мной займалася. Бацька пачаў выпісваць газеты “Народная Воля”, “Свабода” – беларушчына адтуль прыйшла, але гэта было часова, пазахапляўся ёй і перастаў.

kaspiarovic3

РР: Як вы прыйшлі да рок-музыкі?

– У той час усе стваралі рок-гурты, у кожным пад’ездзе быў рок-гурт. Рок-музыка – гэта ўвогуле такая асобная тэма, калі ад пад’езднага рок-гурта трэба было прайсці да выступленняў на мясцовых рок-канцэртах. Хтосьці праходзіў гэта, хтосьці не праходзіў, там былі розныя варыяцыі. Так мы прыйшлі да нейкага складу нашага рок-гурта, тады я ўжо зразумеў, што я не музыка і пачаў пісаць вершы для аднаго рок-гурта.

РР: Гэты гурт яшчэ існуе?

– У 2002 мы разышліся. Мы запісалі дзве праграмы, выступалі на мясцовых рок-канцэртах, запісы хадзілі па горадзе, іх слухалі. Калі казаць у такіх катэгорыях, як грэх, то маё жыццё было жыццём грэшніка, калі можна так сказаць. 2002 год гэта быў пераломны год – змена светапогляду. Цікавая рэч, што мяне хрысцілі ў 14 гадоў у 1989 годзе. Старэйшы брат памёр у савецкай арміі ад траўмы электратокам, ён быў жаўнерам у будбаце. Мяне тады ахрысцілі, я памятаю пачуцці радасці, свята. 

kaspiarovic4

РР: Цяпер пры Гарадзенскай епархіі вы займаецеся напэўна больш місійнай справай?

– У мяне некалькі пасадаў: кіраўнік сацыяльнага аддзела, каардынатар Гарадзенскай епархіі па працы з алкаголе- і нарказалежнымі людзьмі – гэта асноўныя напрамкі. Потым бальнічнае служэнне ў псіхіятрыі і наркалогіі. Тут пры саборы я адказваю за культурніцкія, мастацка-літаратурныя імпрэзы.

РР: Як сёння вернікі ўспрымаюць вось гэтае сацыяльнае служэнне епархіі?

– Здаецца некаторыя людзі блытаюць царкву з нейкім сацыяльным інстытутам. З часоў царскай Расеі  за царквой замацоўваліся функцыі дапамогі інвалідам, бедным, людзям, якія апынуліся ў складанай сітуацыі. Людзі кажуць, што царква павінна дапамагаць усім, але забываюць, што функцыі царквы – гэта місіянерская і адукацыйная справа. У нас часта няма таго, на што спадзяюцца людзі, бо рэсурсы абмежаваныя. Шмат што робім, але сыходзячы са сваіх магчымасцяў.

РР: Вы працуеце з алкаголікамі, наркаманамі, з людзьмі, якія адчуваюць патрэбу пераменаў. Ці ўдаецца ў вас змяніць чалавека праз такія сустрэчы?

– Я займаюся з хворымі людзьмі, але ж я не лекар, я іх не ацаляю. Я сустракаюся з імі ў шпіталі, праводзім і кансультацыі, куды яны прыходзяць. Я сустракаюся са сваякамі залежных людзей, выступаю ў навучальных установах. Я не займаюся рэабілітацыяй, я не вяду залежных людзей да іх поўнага ацалення. Дзейнасць шырокая, але мне здаецца, што нічога надзвычайнага я не раблю.  

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным аўдыёфайле.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня