Як беларусы рыхтуюцца да Вялікадня?
Пасха ці Вялікдзень у нашых продкаў лічыўся адным з самых урачыстых народных святаў вясенняга цыкла. Адным з атрыбутаў велікодных дзён з’яўляецца фарбаванае яйка. Найбольш актыўна да Вялікадня вернікі рыхтуюцца ў апошні тыдзень, які называецца чыстым. Шчырыя вернікі трымаюць Вялікі пост цягам 40 дзён.
Ці жывуць велікодныя традыцыя сёння? Як рыхтуюцца беларусы да Вялікадня? Адказваюць жыхары Менска:
– Для мяне гэта абсалютна звычайны дзень. Хіба што бліноў напяку.
– Фарбуем яйкі, ходзім у царкву, асвячаем. А пасля раніцай сядаем усе снедаць. Мяса стараемся не есці падчас паста. Малочныя стравы ямо.
– Вядома, будуць кулічы велікодныя асвячацца. Гэта святое. Гэта наш старадаўні беларускі звычай.
– Для мяне пытанне простае: атэісты не святкуюць рэлігійныя святы. Але я стаўлюся натуральна да гэтага памяркоўна. Сярод маіх знаёмых шмат хто святкуе.
– Маці з самай раніцы ідзе ў царкву. Напярэдадні фарбуем яйкі. Цэлы дзень адпачынку, можна так сказаць.
– Выпякаем булкі. Фарбуем яйкі. Ходзім да касцёлу, ходзім у царкву. Усё гэта асвячаем. Садзімся ўсёй сям’ёй.
Праваслаўныя вернікі адзначаць Вялікдзень 8 красавіка, каталікі ды пратэстанты у гэтым годзе ўшанавалі памяць пра ўваскрэшанне Хрыста 1 красавіка.
Алена Вільтоўская. Беларускае Радыё Рацыя. Менск.
Фота 1zoom.me