Як берасцейцы Дзень Волі святкавалі
25 сакавіка з бел-чырвона-белымі сцягамі і беларускімі песнямі берасцейцы адсвяткавалі 102-я ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, альбо Дзень Волі.
Цэнтральным мерапрыемствам свята была выстава фотаздымкаў горада Берасця 100-гадовай даўніны і партрэтаў дзеячоў звязаных з БНР, якія паходзілі з гэтых мясцінаў. Там жа прайшоў і канцэрт гурта Laudans. Падрабязней кажа арганізатар выставы з канцэртам, кіраўнік агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч” Зміцер Шыманскі:
– У гэтым годзе мы былі вельмі абмежаваныя ў выбары фармату правядзення мерапрыемства. І таму з усяго спектару ідэяў, якія былі агучаны на аргкамітэце і былі прынятыя спачатку за аснову, засталася толькі фотавыстава, таму што яна была зроблена па прынцыпах сацыяльнага дыстанцыянавання і не пагражала наведвальнікам дадатковымі рызыкамі захварэць нейкімі інфекцыйнымі захворваннямі. Мы зрабілі яе на вуліцы, у нашым дворыку. А паралельна ў офісе праходзіў стрым цудоўнага берасцейскага гурта Laudans, у якім таксама можна было прыняць удзел і паслухаць іх спевы ў жывую.
Не адсталі ад “Дзедзіча” і мясцовыя сацыял-дэмакраты, дзейнасць якіх у гэты дзень можна было заўважыць на пешаходнай Савецкай. Гэтая вуліца была ўпрыгожана бел-чырвона-белымі сцяжкамі, якія размясцілі на ліхтарных слупах пешаходкі.
Кажа кіраўнік берасцейскіх сацдэкаў Ігар Маслоўскі:
– Беларуская нацыя паспела, каб абвесціць незалежнасць. І гэта зрабілі на той час беларускія сацыял-дэмакраты, беларускія сацыялісты. Фактычна першы ўрад быў на 100% сацыялістычны. І дарэчы гэты факт нідзе афіцыйнымі ўладамі не ўзгадваецца. Мы зрабілі такую невялічкую публічную акцыю. Нашу вуліцу Савецкую ўпрыгожылі бел-чырвона-белымі сцяжкамі. Мы лічым, што многім людзям гэта было даспадобы. Многія маладыя людзі пыталіся: а што за дзвіж?
Некаторыя берасцейцы, з ліку тых хто не прымаў удзелу ў згаданых мерапрыемствах, адсвяткавалі Дзень Волі ў іншым фармаце. Яны вывешвалі ў вокнах сваіх дамоў бел-чырвона-белыя сцягі, разгортвалі іх у месцах адпачынку і спявалі беларускія песні.
Беларускае Радыё Рацыя