Як будуць працаўладкоўваць “дармаедаў”?



“Уладам трэба прызнаць сваю памылку і адмяніць сумнавядомы дэкрэт”, – лічыць старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч.

Як вядома, пасля масавых акцый пратэсту дзеянне дэкрэта аб “дармаедах” было прыпынена, яго зараз “дапрацоўваюць”. Пра канкрэтныя змяненні пакуль рана казаць, аднак, па словах міністра па падатках і зборах Сяргея Налівайкі, пры пераглядзе канцэпцыі дэкрэта «асноўны ўпор робіцца на садзейнічанні ў працаўладкаванні тым, хто хоча працаўладкавацца, на рэсацыялізацыю людзей, якія вядуць асацыяльны лад жыцця».

Генадзь Фядыніч: Усе гэтыя “дапрацоўкі” дакумента нагадваюць размову сляпога з глухім. Улады дэкларуюць адно, а ў рэальным жыцці адбываецца абсалютна іншае. Трэба рэальна глядзець на факты, а яны сёння такія – у Беларусі вельмі мала працоўных месцаў з годнымі заробкамі. А ўлады зараз вырашылі заняць пазіцыю – абы куды працаўладкаваць людзей, каб тыя толькі былі занятыя. А людзі хочуць гэтага? За той заробак, што прапаноўваецца, можна пракарміць сям’ю? Вось у чым галоўная праблема! Трэба зразумець, што вышэйзгаданы дэкрэт не будзе працаваць пры дзейснай сістэме і гэтай эканоміцы. Дайце людзям годны заробак, і ўсе без аніякага прымусу пойдуць працаваць. Вось пра што трэба біць у званы – як стварыць годныя працоўныя месцы.

РР: Адным словам, для ўладаў дэкрэт, як чамадан без ручкі – і кінуць шкада, і несці цяжка…

Генадзь Фядыніч: Безумоўна, бо ў краіне наадварот ідуць скарачэнні, а чыноўнікі заяўляюць пра “садзейнічанне ў працаўладкаванні”. Навошта ж маніць? Лепш падумалі б, як развіваць малы і сярэдні бізнес, і тады частка насельніцтва дакладна знайшла б сабе працу. Але ж і гэтага пакуль няма. Увогуле, уладам трэба мець павагу перад народам і адмяніць сумнавядомы дэкрэт, які не працуе і не прыносіць карысці людзям. Нічога тут страшэннага няма, народ зразумеў бы, каб улады публічна прызналі памылковасць папярэдніх рашэнняў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя