Як дзецям з вёскі Замшына “вярталі Новы год”
Шматдзетная маці Рыма Коцікава звярнулася на партал tut.by са скаргай, што ў яе дзяцей “скралі Новы год”, бо сельгаспрадпрыемства “Рубяжніца” затрымлівае заробкі сваім працаўнікам – да 31-га снежня тут не разлічыліся нават за кастрычнік. Не выплацілі і дапамогу на дзяцей, таму старэйшых дачок давялося адправіць да сваякоў, і сямейнага свята не атрымалася.
Артыкул пра крыўду сям’і Коцікавых прачыталі ўдзельнікі віцебскай суполкі “Добрае сэрца”. Ужо 8 гадоў гэтая суполка дапамагае прытулкам, дзіцячым дамам і шматдзетным сем’ям.
Вырашылі дапамагчы і гэтай, кажа прадпрымальніца Наталля Кісялёва:
– Раз тут у дзяцей скралі Новы год, то мы вырашылі падарыць ім Новы год. Узялі Дзеда Мароза, набылі падарункі, вельмі дапамаглі жыхары Віцебска – мы ўсім горадам падарункі збіралі. І паехалі віншаваць дзяцей у Замшына. Дзеці ўсе былі рады, і нават плакалі.
Вёска Замшына месціцца ў Лёзненскім раёне, непадалёк ад расейскай мяжы. Заробкі на сельскагаспадарчым прадпрыемстве “Рубяжніца” нестабільныя, таму шмат хто з вяскоўцаў едзе на працу ў Расею. Сяргей Коцікаў застаўся, ён працуе на камбайне і летась заняў другое месца ў раённым прафесійным спаборніцтве.
Сям’я не галадуе, але праблемы з грашыма бываюць часта, кажа Рыма Коцікава:
– За лістапад аддалі дапамогу на дзіця 4-га снежня, за снежань – 9 студзеня. Такога, каб у той самы месяц, як належыць па беларускім заканадаўстве, такога няма. Муж працуе ад світання да цямна, улетку мы яго не бачым. І мы яшчэ павінны змагацца тут за тое, каб тут выжыць!
Сям’я Коцікавых вельмі ўдзячная валанцёрам за клопат: зрабіць свята для вясковых дзяцей у іх атрымалася. Але ад грашовай дапамогі шматдзетная маці адмовілася. Яна мяркуе, што праблему трэба вырашаць у дзяржаўным маштабе – каб людзі ў “глыбінцы” жылі не горш за іншых, а прадпрыемствы выконвалі абавязкі перад сваімі працаўнікамі.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск