Як галасавалі на акрузе, дзе быў кандыдатам Андрэйчанка



У некалькі дзясяткаў разоў больш, па дадзеных камісій, аддалі свае галасы выбарцы за Уладзіміра Андрэйчанку, чым за яго супернікаў на выбарах у Палату прадстаўнікоў на некаторых участках Глыбокага. Спікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка вылучаўся па Докшыцкай выбарчай акрузе № 22, у якую ўваходзілі тры раёны: Докшыцкі, Глыбоцкі і Ушацкі.

Як мяркуе незалежны журналіст і назіральнік за выбарамі ў Глыбокім Зміцер Лупач, Андрэйчанку зноў напішуць вялікі працэнт, большы за 80, бо на яго ўчастку, па дадзеных камісіі, за яго прагаласавала больш за 80 адсоткаў выбарцаў. А на выбары, па дадзеных камісіі, на ўчастак № 29 прыйшло больш за 90% выбарцаў:

– Гэта нерэальная лічба, тым больш для горада. Я б паверыў, калі б гэта было ў вёсцы, бо там возяць скрыні да ўсіх бабулек. Таксама здзіўлены тым, што ў нас на ўчастку датэрмінова прагаласавала амаль 67% выбарцаў, ніколі ў горадзе такога не было. Як назіраю шмат, бываюць заўжды сапсаваныя бюлетэні, бывае іх і вельмі шмат, але, што цікава, не было наогул сапсаваных бюлетэняў. На такой колькасці бюлетэняў (2323) гэта быць не можа.

Як кажа назіральнік ад Беларускага Хельсінкскага Камітэта Вадзім Хлус, на яго ўчастку № 25 у Глыбокім наадварот – сапсаваных бюлетэняў аказалася зашмат, а вось супраць усіх – ніводнага:

– Мяне зацікавіла, што на датэрміновым галасаванні супраць усіх не было ніводнага бюлетэня. Але затое несапраўдных – 54. Я ведаю, што ў мяне сусед на гэтым участку галасаваў супраць усіх, і ён хадзіў на датэрміновае галасаванне. Таксама некалькі маіх знаёмых сказалі, што галасавалі супраць усіх. А тут атрымалася, што ніводнага. Мяркую, што вось гэтыя галасы супраць усіх перакінулі на несапраўдныя.

Па звестках назіральнікаў, людзі прызнаваліся, што іх прымушалі галасаваць датэрмінова, пагражаючы праблемамі на працы. Таксама назіраць за падлікам галасоў было нязручна, а бліжэй да сталоў не падпускалі.

Усяго на тэрыторыі Докшыцкай акругі было 66 участкаў для галасавання, з іх 31 – у Глыбоцкім раёне. Супернікаў на выбарах у парламент у Андрэйчанкі было трое. Апазіцыйных кандыдатаў не было.

Беларускае Радыё Рацыя