Як гамафобію распальваюць журналістка і юрыст Леўчанкі



ОТЧЕГО УПАЛА РОЖДАЕМОСТЬ? Артыкул з такім загалоўкам прачытаем ў газеце “Вечерний Могилёв”. І, здаецца, праблема сапраўды важная і актуальная, але артыкул не пра нараджальнасць у Беларусі. Магілёўскія журналісты знайшлі іншую прычыну праблемы. Там чытаем: «В последнее время на территории Могилевской области активизировались педерасты”. Увага! Менавіта гэта слова выкарыстоўвае газета. І далей: быццам бы студэнт з ініцыяламі С.П. ў выдання пытаецца “почему «голубых» не привлекают к уголовной ответствености”? Адказвае на гэта пытанне суддзя суда Могілёўскага раёна Леўчанка, які дзіўным чынам мае тое ж прозвішча, што і рэдактарка газеты “Вечерний Магилев” Надзея Леўчанка.

Суддзя ў артыкуле прыгадвае, што “у савецкія часы існавала прыктыка крымінальнага пакарання асобаў нетрадацыйнай сексуальнай арыентацыі, якая была апраўданая і садзейнічала аздараўленню славянскай нацыі”. Іншымі словамі юрыст пераконвае чытачоў газеты, што сталінскія часы – гэта добра.

Яшчэ раней ў “Вечернем Магилёве” расказвалася гісторыя жыхара невялікай вёскі Макарынцы пад Магілёвам. 44-гадовы мужчына абрабаваў суседку, скраўшы 10-літровую бутэльку з віном ды чатыры кіло фаршу. Аднак, калі яго затрымала міліцыя, высветлілася, што мужчына да пэўнага ўзросту быў жанчынай, а пасля зрабіў аперацыю па змене полу.

Аўтары ў артыкуле змешваюць абвінавачанага з брудам, не цураючыся моцных выразаў, і, канечне ж, вінавацяць ва ўсім распусную Еўропу. Аўтары Стасаў і Карпава называюць чалавека «яно». Маўляў, гэта на Захадзе «такім» шмат чаго дазволена, а ў нашай краіне, паводле магілёўскіх журналістаў, «блакітнае лобі» знаходзіцца пад каўпаком з боку кіраўніцтва краіны». І таксама гэтыя вывады робяць магілёўскія журналісты са спасылкай на ўсё таго ж суддзю Леўчанку.

 Надзея Леўчанка, рэдактарка газеты ў размове з намі немнагаслоўная, адзіны аргумент – без каментара.

Надзея Леўчанка, рэдактарка газеты “Вячэрні Магілёў”:

– Усе падрыхтаваныя мною матэрыялы адпавядаюць журналісцкай этыцы. Чытайце іх уважліва, калі ласка. Да пабачэння.

РР: А гэта Вашыя матэрыялы?

Надзея Леўчанка: Мае.

РР: Значыць Стасава і Карпава не існуе?

 Надзея Леўчанка: Гэта рэдакцыйны псеўданім.

 РР: Там яшчэ ёсць адно пытанне адносна таго, што суддзя, які дае Вам каментары таксама мае такое прозвішча, як у Вас. Ён нейкі сваяк Вам?

Надзея Леўчанка: Без каментароў.

 Кароткія тэлефонныя гудкі

Да суддзі Леўчанкі маюць пытанні і праваабаронцы, паколькі ў публікацыі пра трансгендарную асобу менавіта ён раскрыў гэту інфармацыю, але паводле закону такая інфармацыя з’яўляецца медычнай таямніцай.

Хаця і сам артыкул, і пазіцыя рэдакцыі таксама выклікаюць шмат пытанняў – заўважае каардынатар праекта Гендарны маршрут Ірына Саламаціна:

– Калі я прачытала матэрыял рэдактаркі “Вячэрняга Магілёва”, то ўбачыла, што гэта вельмі паказальнае інтэрв’ю. У дадзеным выпадку мы можам ставіць пытанне пра профнепрыдатнасць асобна ўзятага чалавека на пэўнай пасадзе. Чаму? Бо там ёсць шмат інфармацыі, якая сведчыць пра тое, што сама рэдактарка ў тэме некампетэнтная. Яна не ведае, што ў Беларусі ёсць практыка аперацый па змене полу. І што асобна ўзяты грамадзянін зрабіў гэта не сам па сабе, а зрабіў гэта паводле закону. Я калі яна на пазіцыі рэдактаркі выказвае сваю суб’ектыўную пазіцыю, то яна паказваю поўную прафесійную некампетэнтнасць. І тут ўзнікае другое пытанне: наколькі нашая грамадзянская супольнасць можа паставіць яе кампетэнтнасць пад сумніў?

І вось у Беларусі такіх механізмаў не існуе. Больш таго асобам з сацыяльнай групы ЛГБТ абараніцца амаль немагчыма.

 – Механізм абароны ў нашай краіне не развіты, – кажа каардынатар ініцыятывы “Журналісты за талерантнасць Алег Ражкоў. – І нейкім чынам прыцягнуць да адказнасці аўтараў артыкулу вельмі цяжка. На жаль, сам трансгендэр не збіраецца падаваць у суд на рэдакцыю. А заявы ў суд і ў пракуратуру ад сацыяльна групы немагчымы, бо паводле нашага заканадаўства ЛГБТ супольнасць не прызнаецца сацыяльнай групай. Паводле нашага заканадаўства можна звяртацца ў суд і пракуратуру за матэрыялы, якія распальвюць варожасць па прыкмеце нацыянальнай ці рэлігійнай, але сексуальная арыентацыя не дае такіх магчымасцяў. Калі звяртацца ў камітэт па этыцы Беларускага Саюзу журналістаў, то там у Кодэксе па этыцы прапісаны пункт, як распальванне нянавісці да пэўных груп, але ЛГБТ супольнасць там адсутнічае, там напісана “і др”. Тое што яны прапісалі 20 гадоў таму, яно так і застаецца. ЛГБТ, як сацыяльная група, там не існуе. Таму ў нашым грамадстве абараніць правы гэтай сацыяльнай групы немагчыма.

Тацяна Равяка з Праваабарончага цэнтру “Вясна”:

– Як праваабаронца магу ацэньваць, што фактычна гэтая газета становіцца ў тым ліку адлюстраваннем палітыкі дзяржавы па дадзенай праблеме – па праблеме гамафобіі. Мы не адзін раз чулі ад вышэйшага кіраўніцтва дзяржавы зняважлівыя характарыстыкі ў бок дадзенай сацыяльнай групы. Гэта проста “адмашка”, карт-бланш на тое, што гэтую сацыяльную групу можна з розных бакоў бэсціць і зневажаць – і асобных людзей і цалкам сацыяльную групу. Я зараз адкрыла гэты матэрыял пад такім ні пра што не гаворачым загалоўкам: “От чего упала рождаемость?” Мяне абурыла, што гэты матэрыял напісаны са словаў суддзі, які разважае пра «вельмі станоўчую практыку” у сталінскія часы, калі за гомасексуальныя сувязі прыцягвалі да крымінальнай адказнасці. Дарэчы, у нас у Беларусі толькі ў пачатку 90-ых гэтая крымінальная адказнасць была адмененая. Суддзя разважае пра тое, што гэтая адказнасць мусіць быць вернутая ў беларускі закон. Я ў шоку ад разумення юрыстаў, суддзяў, людзей, якія прымаюць рашэнні адносна лёсаў людзей. Іх уласне меркаванне можа адбіцца на лёсе іншых людзей. І ў гэтым кантэксце мяне не здзіўляе пазіцыя суда, які па справе збітага амаль да смерці Міхаіла Пішчэўскага, прымае рашэнне без уліку асноўнага матыву дадзенага злачынства. Матыву нянавісці. Зараз мы з юрыстамі прагледзелі гэтыя словы суддзі Леўчанкі, якія фактычна падпадаюць пад дзеянне Закону аб экстрымізме, які забараняе распальванне варожасці да пэўных сацыяльных групаў.  

Алег Ражкоў, каардынатар ініцыятывы “Журналісты за талерантнасць”:

– Мы сабраліся групай і плануем накіраваць звароты – адзін у Беларускую асацыяцыю журналістаў, другі ў Саюз журналістаў – для таго, каб прызналі гэты тэкст неадпаведным нормам журналісцкай этыкі. І таксама будзе накіраваны адкрыты зварот праз інтэрнет, каб прыцягнуць увагу грамадскасці, а таксама друкаваная версія ў Міністэрства інфармацыі. І будзем спрабаваць прызнаць гэты матэрыял экстрымісцкім.  

 – Трэба карыстацца тымі механізмамі, якія ёсць ў законе, – працягвае Тацяна Равяка з Праваабарончага цэнтру “Вясна”. – А гэта зварот у пракуратуру па факце публікацыі матэрыялаў, якія распальваюць варожасць, якія з’яўляюцца зневажальнымі для канкрэтнай групы, утрымліваюць у сабе звесткі, якія з’яўляюцца медыцынскай таямніцай. Трэба прыцягваць шырокую ўвагу грамадскасці і тлумачыць, у чым нябяспека. Журналісты тут могуць адыграць вялікую ролю, бо гавораць наўпрост з вялікай колькасцю людзей, – падсумоўвае правабаронца Тацяна Равяка.

А рэдактарцы “Вечернего Магілёва” варта параіць перачытаць Дэкларацыю правоў чалавека, якая пачынаецца словамі “Усе людзi нараджаюцца свабоднымi i роўнымi ў сваёй годнасцi i правах”. І калі для нас гэта не будзе пустым гукам, тады беларусы – будуць называцца – годнай нацыяй і годным грамадствам.

Улад Грынеўскі. Беларускае Радыё Рацыя.

Для праекта “Месца для прэсы”