Як гомельцы сустракалі блогера Максіма Філіповіча
Каля паўсотні гомельцаў прыйшлі позна вечарам 31 сакавіка да сценаў гомельскага ізалятара. Людзі хацелі сустрэць відэаблогера Максіма Філіповіча, які адбывае пакаранне за ўдзел у несанкцыянаваных маршах недармаедаў. Аднак прысутныя нечакана дазналіся пра тое, што аўтару нашумелых ролікаў пра дармаедскі дэкрэт дадалі 7 яшчэ сутак за акцыю ў Маладэчне. Маці Максіма Філіповіча Эла абураецца абыходжаннем з ейным сынам.
—Чалавек не ведаў, не думаў і не меркаваў. У 33 гады вырваць з нармальнага жыцця і засунуць у гэтае дзярмо… Але ён дастаткова разумны і не баязлівы чалавек, каб яму можна было заткнуць рот, каб ён сядзеў ціхенька ў куце, як таракан ці выкалупленыя разынкі. Гэтага не будзе.
Сустрэць Максіма Філіповіча прыйшлі таксама палітыкі, праваабаронцы і грамадскія актывісты.
Сябра Беларускага Хельсінскага камітэта Алесь Яўсеенка, які адбыў трохсуткавы арышт напярэдадні 25 сакавіка, гаворыць, што прыйшоў падтрымаць сябра па няшчасці.
Алесь Яўсеенка: Максім хацеў данесці праўду людзям. І яго за гэтую праўду пасадзілі. Людзі прыйшлі сёння выказаць сваю салідарнасць. Бо салідарнасць – гэта вялікая сіла. І толькі разам мы зможам дабіцца пераменаў.
Сустракаць Максіма пад сцены ізалятара прыйшоў намеснік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў, які таксама напярэдадні 25 сакавіка быў затрыманы і арыштаваны на пяць сутак.
— Салідарнасць трэба праяўляць. Максім зрабіў шмат, каб паспяхова адбыліся і марш недармаедаў 19 лютага, і акцыя пратэсту 25 сакавіка. Гэта новая плынь у беларускай палітыцы. Трэба падтрымліваць блогераў, якія на хвалі пратэсту пачалі ўплываць на грамадскую думку і садзейнічаць дэмакратызацыі.
Прысутныя абурыліся, калі даведаліся, што Максім Філіповіч не выйдзе на свабоду, паколькі пакараны яшчэ 7 суткамі арышту за акцыю ў Маладзечне. Прысутныя скандавалі “Свабоду, свабоду”. А таксама праспявалі ўсе разам песню “Разбуры турмы муры”, якая ў свой час была гімнам змагання з дыктатурай Франка.
Праваабаронца Леанід Судаленка нагадаў, што Максіма Філіповіча тройчы судзілі за акцыі пратэсту:
— Першае яго пакаранне было 13 сутак, другое пакаранне далі пяць сутак. Атрымалася ўжо 18. І каб атрымалася 25 сутак, якія дазволеныя беларускім заканадаўствам, дадалі яшчэ сем сутак. Але паводле міжнародных абавязкаў нашай краіны, кожны мае права на ўдзел у мірных сходах і мае права выказваць сваё меркаванне падчас мірных сходаў. Таму з пункту гледжання міжнародных абавязкаў, гэтая практыка, якая выкарыстоўваецца ў дачыненні да Максіма, не падлягае ніякаму асэнсаванню.
Максім Філіповіч агулам правядзе ў гомельскім ізалятары 25 сутак арышту за ўдзел у некалькіх маршах недармаедаў.
Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя