Як і за што затрымалі галоўнага рэдактара і фатографа „Нашай Нівы”



Наперадзе суд па двух пратаколах. Па дадзеных БАЖ, як мінімум 7 журналістаў затрымалі 27 сакавіка падчас асвятлення падзей у Менску.

Гэта Ганна Калтыгіна і Галіна Уласік з TUT.BY, Ягор Марціновіч, Надзея Бужан і Кацярына Карпіцкая з „Нашай Нівы”, Любоў Бахурэвіч, „Беларусы і рынак” ды Нікалас Канолі, DW з акрэдытацыяй МЗС. З сямі затрыманых журналістаў – шасцярых адпусцілі без складання пратаколаў, і толькі на Ягора Марціновіча, галоўнага рэдактара „Нашай Нівы” – склалі адразу два — за нібыта ўдзел у акцыі і нібыта за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі:

– На мяне склалі ажно два пратаколы, нават ужо адвялі ў абяз’яннік. Мы з іншымі пяццю мужчынамі чакалі этапу на Акрэсціна. Раптам адкрыліся дзверы, сказалі: „Марціновіч на выхад”. Я адразу акрэсліваў, што я журналіст. Зразумелі, што я журналіст. Прэс-служба МУС сцвярджала, што мяне адпусцяць, але адбылося нейкае непаразуменне, давялі ўжо да таго этапу, калі афармлялі. Адпаведна на мяне пратакол і да суда ў мяне арыштаваны тэлефон.

Работнікі міліцыі засведчылі, што Ягор Марціновіч удзельнічаў у пікеце каля „Макдональдса”, а пасля сядзеў на зямлі, упіраўся і не хацеў ісці ў аўтазак. Пасля складання пратаколаў сілавікі наклалі арышт на тэлефон рэдактара.

Беларускае Радыё Рацыя