Як ідзе падрыхтоўка да Дня волі?



“Пры іншай уладзе Дзень волі стане для беларусаў самым сапраўдным святам”, – кажа сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі.

Як вядома, Менгарвыканкам зацвердзіў акцыю, запланаваную на 25 сакавіка, аднак прапанаваў арганізатарам змяніць яе фармат.

Збор удзельнікаў акцыі прапанавана правесці на пляцоўцы каля кінатэатра «Кастрычнік», шэсце — да парку Дружбы Народаў, і там жа — мітынг.

Віталь Рымашэўскі: Яшчэ раз хацеў быў нагадаць, што дазволены збор удзельнікаў акцыі адбудзецца на пляцоўцы ля Акадэміі навук з 18.00 да 18.30. Хутчэй за ўсё, там жа пройдзе і мітынг, бо ёсць папярэдняе рашэнне не весці людзей на плошчу Бангалор. А перад гэтым, наколькі мне вядома, у 17.00 мяркуецца ўскладанне кветак да помніка Янкі Купалы (а магчыма, і да іншых помнікаў горада). Дарэчы, аргкамітэт афіцыйна не заклікае да ўскладання кветак, бо мы адказваем за афіцыйную частку, але, калі людзі прымуць такое рашэнне, значыцца прымуць.

РР: Нечым будзе адрознівацца гэты Дзень волі ад папярэдніх?

Віталь Рымашэўскі: Мы спадзяемся, што гэтым разам тыя сацыяльныя групы, якія праводзяць акцыі пратэсту, далучацца да нашага мерапрыемства, і яно будзе супольным. Як мінімум, гэта будзе выбітным фарматам у параўнанні з папярэднімі. Таксама мы запрашаем на акцыю моладзь і іншыя крэатыўныя групы. Няхай праяўляюць сваю творчасць, мы дадзім магчымасць выступіць усім жадаючым.

РР: Некаторыя ў сацыяльных сетках прапануюць, каб на Дні волі было менш палітыкі, а больш свята – вяселля, выступаў музыкаў… Як вы ставіцеся да такіх прапаноў?

Віталь Рымашэўскі: Калі прыйдзем да ўлады, то Дзень волі і стане самым сапраўдным святам і нацыянальным мерапрыемствам. Але да таго часу святкаванне 25 сакавіка застаецца апазіцыйнай акцыяй пратэсту. Бо, як паказвае практыка, улады ўсё роўна не дадуць дазвол на нейкі канцэрт у гэты дзень.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота salidarnasc.org