Як крызіс уплывае на беларускую навуку?



Былы кіраўнік Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Вайтовіч распавядае пра крызіс і навуку, а таксама пра заробкі навукоўцаў.

Аляксандр Вайтовіч: Не сакрэт, што беларуская навука знаходзіцца не ў самым лепшым стане і па розных прычынах. На гэтую тэму можна шмат казаць, але галоўнае – лепш не становіцца. Хоць я не сказаў бы, што эканамічны крызіс неяк вельмі моцна паўплываў на стан навукі, бо гэта – кансерватыўная сістэма. Адным словам, рэзкага абвалу няма, але і паляпшэнне сітуацыі не бачна. Людзі працуюць і будуць працаваць, бо яны не звязаны наўпрост з якім-небудзь рынкам продажаў. Як друкавалі  навуковыя артыкулы, так і працягваюць друкаваць. Хоць усё можа адбіцца ў будучым.

РР: Заробкі ў навукоўцаў традыцыйна невысокія?

Аляксандр Вайтовіч: Напрыклад, мне, як загадчыку лабараторыі, за студзень “бруднымі” налічылі  3 мільёны 187 тысяч рублёў (чыстымі – прыкладна 2 мільёны 800 тысяч).  За люты – 4 мільёны 550 тысяч “бруднымі”. Гэта ж смех Божы – тарыфны аклад загадчыка лабараторыі складае 1 мільён 632 тысячы. Праўда, дадаюць яшчэ грошай за стаж, за нешта яшчэ. Акрамя таго, у мяне ёсць яшчэ даплата за акадэмічнае званне.

РР: У любым выпадку – не зусім вялікія грошы…

Аляксандр Вайтовіч: Так, але ж, паўтаруся, у мяне ёсць даплаты. А ў каго іх няма? Што рабіць тым, хто – не кандыдат і не доктар? Зрэшты, многія застаюцца працаваць. Думаю, моладзь спадзяецца набрацца вопыта, паказаць сябе, а затым гэта некаторыя могуць выкарыстаць, каб з’ехаць за мяжу. А хтосьці і з’ехаць не можа альбо па прычыне слабога прафесіяналізма, альбо па сямейных абставінах. Так і жывуць. Таму, калі краіна ў крызісе, то навука тым больш.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя