Як Лагішын бараніўся ад расейскіх генералаў



“На гвалт адказваць гвалтам”, – пад такім дэвізам 140 год таму жыхары палескага мястэчка Лагішын выступілі супраць расейскай дзяржаўнай сістэмы. Палешукоў збянтэжыла афёра, арганізаваная генерал-губернатарам Токаравым і вышэйшымі чыноўнікамі губерні. Яны зрабілі фальшывыя дакументы, па якіх Лагішын трапляў у маёмасць генерал-губернатара, а жыхары гублялі ўсе правы. Бунт падавілі дасланыя з Расеі жаўнеры пры дапамозе сотні казакоў. Пяць мяшчан пажыццёва выслалі ў Сібір, а яшчэ дваццаць атрымалі 12 год высылкі. На Лагішын наклалі вялікія штрафы. “Лагішынцы працягнулі сваё змаганне пры дапамозе юрыстаў ды публіцыстаў”, – кажа краязнаўца Эдуард Злобін:

– Сама ідэя 1874-га года адказваць гвалтам на гвалт плюс дапамога сталічных публіцыстаў, няхай і не выхадцаў з Пінску, але ў любым выпадку – дапамога на юрыдычным узроўні. Усё цягнулася да 81-га года. Але ў 81-ым годзе, у любым выпадку, яны перамаглі. Неардынарная падзея, калі палешукі перамаглі чыноўнікаў такога ўзроўня.

У 1881-ым годзе расейскія чыноўнікі зазналі паразу. Пад ціскам грамадкасці ўлады пазбавілі чыноў генерал-губернатара Токарава і яго памочнікаў ды адмянілі ўсе рэпрэсіі, накладзеныя на Лагішын.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя